Асадка ў горле, каб спыніць гвалт


Абаронцу плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава, які напярэдадні парэзаў сабе горла ў судзе, перавялі са шпіталю ў СІЗА. Падчас працэсу ён заявіў пра гвалт і пагрозы ў турме. Падрабязнасці – у матэрыяле.

Пасля таго, як у судзе Савецкага раёну сталіцы Сцяпан Латыпаў уваткнуў сабе ў горла асадку, яго даставілі ў шпіталь на Сямашкі. Паводле крыніцаў TUT.вy, цяпер палітвязень – у СІЗА № 1 на Валадарскага. Там для яго сёння прынялі перадачу ад сваякоў. Інфармацыі адносна стану здароўя мужчыны – няма.

«Калі пачынаўся працэс, Сцёпу прывялі, у яго быў фінгал пад вокам. Відаць, яго ўдарылі нечым плоскім, таму што гэта быў шрам, не як ад кулака, а роўны, плоскі. І ў яго была перабінтаваная левая рука», – сведка здарэння Марына.

Учора на паседжанні Сцяпан заявіў аб пагрозах ягонаму бацьку і суседзям ды пра невыносныя катаванні: 51 дзень у так званай прэс-хаце – камеры, у якой літаральна выбіваюць прызнальныя паказанні. «Адзінкі могуць вытрымаць такія ўмовы 51 дзень», – запэўнівае былы палітвязень Павел Вінаградаў і дадае:

«Гэта звычайна адбываецца да тых пор, пакуль чалавек, якога прэсуюць, альбо згаджаецца, каб катаванні скончыліся, альбо гэты чалавек ускрывае сабе жылы, рэжа жывот альбо горла, як Латыпаў. Гэта скрайняя мера, каб спыніць здзекі ды катаванні».

Ці планаваў Сцяпан Латыпаў, які не наносіў сам сабе пашкоджанні ў турме, самагубства? Псіхолаг Яўген Маліноўскі мяркуе, што думка перарэзаць сабе горла, хутчэй за ўсё, прыйшла яму падчас судовага паседжання як доказ невінаватасці, бескампраміснасці ды гатовасці ісці да канца.

«Гэта не ўчынак на публіку, не адчай, гэта смелы ўчынак, каб звярнуць увагу, што робіцца ў краіне, і гэта надзея на тое, што людзі падтрымаюць», – падкрэслівае кандыдат псіхалагічных навук Яўген Маліноўскі.

41-гадовы Сцяпан Латыпаў – актыўны абаронца муралу з «дыджэямі пераменаў». Ён дрэвавод і прамысловы альпініст. Сябар Мікіта Крывальцэвіч характарызуе Сцяпана як смелага і спагадлівага чалавека:

«Самі разумееце, якая ў нас прафесія: альпіністы не могуць быць няўстойлівымі. Мы ўсе свае страхі сціскаем у кулачок. Ён быў спагадлівы, заўсёды прыходзіў на дапамогу, калі гэта было патрэбна».

Сцяпана Латыпава затрымалі летась 15-га верасня ў двары, калі ён прасіў людзей у масках назвацца. Удома правялі ператрус. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта «планаваў атруціць сілавікоў ядахімікатамі», якія закупаў на знішчэнне баршчэўніку. Аднак судзяць за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «супраціў пры затрыманні» і «махлярства ў асабліва буйным памеры».

Каця Малей, «Белсат»