Вайсковы эксперт: «Мы разумеем, што Расея будзе спрабаваць правесці так званую трэцюю фазу аперацыі»


На ўсходзе Украіны расейцы працягваюць абстрэльваць Харкаў, Уды, Прудзянку. Таксама вядуць наступ у кірунку Ізюм – Барвінкава і Ізюм – Славянск. Там жа, пад Ізюмам, украінскія вайскоўцы разграмілі цяжкую тэхніку акупантаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У той жа час расейцы фактычна без ратацыі наўпрост з Марыупальскага фронту перакідваюць войскі пад Папасную, узяць яе яны так і не могуць. Не спыняюцца баі і ў раёне Аляксандраўкі. Распавядае вайсковы эксперт з Украіны Сяргей Грабскі:

«Шматпакутная Аляксандраўка ўжо некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, баі працягваюцца пад Таўрыйскам, то бок вораг усё ж такі спрабуе, ведаеце, зрабіць такую падушку або буфер, калі заўгодна, каб украінскія войскі не дайшлі да Херсону».

Для ўкраінскай арміі Херсон таксама ёсць стратэгічным пунктам. Эксперт працягвае:

«Бо мы разумеем, што Расея будзе спрабаваць правесці так званую трэцюю фазу аперацыі. Гэта ўласна наступ на Адэсу праз Мікалаеў. Як мы бачым, яны не пакідаюць гэтай надзеі, варушаць мурашнік пад назваю Трансністрыя або Прыднястроўе, які таксама можа згуляць досыць негатыўную ролю ў гэтай вайне. Але пакуль такой магчымасці ў расейцаў няма».

Тым часам украінскія вайскоўцы каля вострава Змяіны пры дапамозе «Байрактараў» знішчылі два суперсучасныя расейскія катары тыпу «Рэптар» разам з экіпажамі. Варта адзначыць, што гэтыя катары – самая хуткая марская тэхніка на ўзбраенні ВМФ Расеі.

Ва Украіну працягваюць прыбываць і адпраўляцца суперсучасныя ўзоры ўзбраення ад краінаў-супольнікаў. Так, у ЗША сёння рыхтавалі да адпраўкі на фронт гаўбіцы М777. А што расейцы змогуць супрацьпаставіць такім відам зброі? Паводле Сяргея Грабскага:

«Гэтым новым відам узбраення яны могуць супрацьпаставіць сваю галоўную сілу – колькасць. Пры знішчэнні ўжо каля тысячы танкаў трэба разумець, што Украіна знішчыла каля дзесяці танкавых палкоў. І знішчаная не толькі тэхніка, але практычна ва ўсіх выпадках і экіпаж. Так, у Расеі велізарны людскі патэнцыял, але яны не ўмеюць змагацца з новай тэхнікай ад слова зусім».

Аднак вайна – гэта не толькі поспехі ўкраінскай арміі. Гэта і пакуты мірнага насельніцтва, і знішчаная інфраструктура, гістарычная спадчына Украіны. Так, у Лісічанску акупантамі разбураная гімназія, пабудаваная там бельгійцамі яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі. Будынак вытрымаў дзве сусветныя вайны.

У Адэскай вобласці расейцы канчаткова разбурылі мост цераз Днястроўскі ліман.

У Днепрапятроўшчыне расейская ракета разбурыла склад са збожжам.

У Кіеўскай вобласці за час вайны знішчаныя 37 мастоў.

А ў самой Расеі сваякі марадзёраў прадаюць нарабаванае сваімі «героямі» «за танна», стварыўшы для гэтага адмысловы тэлеграм-канал. Сваю дзейнасць такія прадаўцы тлумачаць, цытата: «усе хочуць есці».

Таксама ў Расею працягваюць вывозіць украінскую сельскагаспадарчую тэхніку і збожжа. А чатыры з паловаю мільёны тонаў збожжа заблакаваныя ва ўкраінскіх партах.

У Кіеўскай вобласці выявілі ўжо больш за тысячу дзвесце целаў мірных жыхароў, якія загінулі ад рук акупантаў. Пра гэта паведаміў начальнік абласной паліцыі Андрэй Небытаў. СБУ ж вызначыла асобы ўжо ста калабарантаў і дзевяцісот расейскіх захопнікаў, падазраваных у ваенных злачынствах у Кіеўскай вобласці.

У Адэсе, як паведамляюць мясцовыя ўлады, затрымалі дванаццаць дыверсантаў, якія рыхтавалі правакацыі на другога траўня. У іх знайшлі зброю і выбухоўку. Ноч у Марыупалі была неспакойная – па «Азоўсталі» біла карабельная артылерыя акупантаў, але пад раніцу стала цішэй. Сёння адтуль працягнулася эвакуацыя.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»