Чым пагражае Беларусі шосты пакет санкцыяў і якія наступствы ад папярэдніх?


Да дзявятага траўня Еўразвяз плануе ўвесці шосты пакет санкцыяў супраць рэжыму. Акурат у апошні месяц зрабіўся адчувальным эфект ад ужо ўведзеных абмежаванняў. Працягваецца зніжэнне ВУП Беларусі. Інвестыцыі ў асноўны капітал па выніках красавіка ўпалі на 8 %, паводле ацэнкі Эканаміста Яраслава Раманчука. Страціла транспартная галіна, экспарт нафтапрадуктаў і сельская гаспадарка.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пладова-выгаднае, яблычна-смачнае» – жартуюць беларусы з віна айчыннай прамысловасці. Аднак «Белкаапсаюз» прапхнуў беларускае «чарніла» на экспарт – у Кітай. Туды ж плануюць прадаваць ягады і грыбы. Яшчэ плануюць – абыходзіць санкцыі.

Алег Мацкевіч, старшыня «Белкаапсаюзу»:

«Адзін літоўскі бізнесовец мне сказаў: мы знойдзем любы шлях, але працягнем у вас набываць суніцы ў 2022 годзе. Я адказаў: Калі ласка!»

Харчы ў Паднябесную Беларусь цяпер пастаўляе чыгункаю праз Уладзівасток, Новарасійск і Пецярбург – заявіў міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло. На дзяржТБ прагучала, што з пачатку года Беларусь экспартавала харчоў на $ 1,8 млрд – амаль на чвэрць больш, чым летась:

«Сёння Беларусь не толькі ў стане забяспечыць сябе, але і зарабіць на пастаўках, і санкцыі таму не перашкода», – кажа выдоўца навінаў.

У першыя тры месяцы санкцыйных перашкодаў яшчэ не было, тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук. У называныя паказнікі ён не верыць.

«Нельга іх пераправерыць, нельга зрабіць параўнанне з тым, колькі ўехала ў тыя краіны, у якія быццам бы беларускія тавары прадаюцца таму такія лічбы і ёсць… Да той пары, пакуль не будзе нейкай лагістыкі забеспячэння ўсім неабходным або з Кітаю, або з Еўропы праз кантрабандныя шляхі, напружанне ў знешнім гандлі будзе расці», – кажа Раманчук.

У «Нашых навінах» на АНТ прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка заявіў:

«Ёсць у нас факты і не адзінкавыя, калі санкцыйныя прадпрыемствы наадварот працуюць лепш чым летась за кошт большага попыту на сваю прадукцыю. Ёсць і складанасці. Нам трэба цалкам пераарыентаваць маржынальную частку прадукцыі дрэваапрацоўвання, якая раней экспартавалася ў Еўразвяз».

Намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Уладзімір Крэч распавёў «Белсату», што ў красавіку абʼёмы лесанарыхтовак знізіліся праз санкцыі:

«Натуральна, пры адсутнасці попыту планы па лесанарыхтоўцы карэктуюцца ў адпаведнасці з наяўнасцю заявак і кантрактных абавязацельстваў. Таму абʼёмы скінуліся і ўжо сёння лесанарыхтоўкі за красавік зменшыліся».

Зменшыліся прыкладна на 40 % – падлічыў эканамічны аглядальнік Сяргей Чалы, сыходзячы з таго, што такая доля дрэваапрацоўчай прадукцыі трапіла пад санкцыі краінаў Захаду.

Наступствы абмежаванняў, выкліканых палітыкаю беларускага рэжыму, назіраем і ў іншых сектарах эканомікі. Чыноўнікі рапартуюць пра пошук новых рынкаў.

«Гэта больш размоваў, чым магчыма гэта ўсё зрабіць. Асабліва што датычыць такіх гігантаў, як БМЗ, таму што асноўная прадукцыя, якая прыносіла прыбытак, яна ішла ў Еўропу. У Кітаі ў самым ёсць перавытворчасць металаў, сталі… Груба кажучы, так кошты зусім іншыя. І куды вы там улезеце, калі там хапае сваіх?» – дзівіцца Сяргей Чалы.

Беларускі металургічны завод усё ж спрабуе дыверсіфікаваць экспарт высокамаржынальнай прадукцыі – перадусім метал акорду і трубаў.

Прадпрыемства «Белмедпрэпараты» пераводзіць увесь калектыў на 4-дзёнку. Напярэдадні паведамлялася, што праз санкцыі спынілася адгрузка некаторых прэпаратаў на месяцы ці нават да канца года.

Паколькі няма волі на змену палітычнага курсу, дзяржава шукае шляхоў абыходу абмежаванняў.

«Гаворка ідзе, па ўсёй бачнасці, аб стварэнні адзінай структуры на ўзроўні Еўразвязу, а не нацыянальных урадаў, якая б займалася гэтым адкочваннем. То бок, гэта як гонка ўзбраенняў. Як у тым фільме: ты ўцякаеш, я даганяю. Гэта такая гульня, якая будзе адбывацца ўвесь час. Пытанне – наколькі аператыўна».

Апроч пільнавання кантрабандных шляхоў, пашыраецца спіс самой санкцыйнай прадукцыі. Заўтра Еўракамісія мае скончыць працу над шостым пакетам санкцыяў у дачыненні рэжыму Лукашэнкі. Прыняць яго плануюць да 9-га траўня.

Юлія Цяльпук, «Белсат»