Дзень адзінства агрэсараў


Роўна 25 гадоў таму Лукашэнка і Ельцын падпісалі дамову аб стварэнні саюзу Беларусі і Расеі – правобразу будучай Саюзнай дзяржавы, якую затым Лукашэнка будаваў ужо з Пуціным. Распавядаем падрабязней пра інтэграцыю ваенных злачынцаў.

Традыцыйныя віншаванні Пуціна і Лукашэнкі адзін аднаму ды расейскія сцягі на беларускіх вуліцах, якія пачалі сёлета вывешваць загадзя – літаральна па ўсёй краіне і як ніколі масава. Афіцыйны Дзень яднання народаў Беларусі і Расеі сёлета праходзіць на тле подлай вайны супраць Украіны – дзяржавы, якую і Лукашэнка, і Пуцін безліч разоў крывадушна называлі братэрскай.

«Каб быць мацнейшымі за санкцыі і дыктат, мы пашыраем і паглыбляем інтэграцыю паміж Беларуссю і Расеяй», – адзначыў у сваім віншавальным лісце Лукашэнка.

Зрэшты, аднымі віншаваннямі і вывешваннем сцягоў не абышлося. Гэтак, напярэдадні, у Дзень дурня, Лукашэнка ўручаў прэміі Саюзнай дзяржавы 2021 года ў галіне навукі і тэхнікі. А арганізацыя «Белая Русь» падпісала дамову аб супрацы з «Единой Россией». Між тым саюзная дамова не толькі пярэчыць Канстытуцыі Беларусі і нашым нацыянальным інтарэсам, але і ўяўляе з сябе, па сутнасці, дарожную мапу паглынання Беларусі Расеяй, кажа кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі. А таму са зрынаннем рэжыму Лукашэнкі гэтая дамова мусіць быць скасаваная.

«Калі ж казаць пра тыя інтэграцыйныя аб‘яднанні, якія пачыналіся Лукашэнкам і расейцамі, то ніколі яны не былі шчырыя. Ніколі гэта не было імкненне двух народаў да аб‘яднання, да большай супрацы на аснове ўзаемнай павагі. Для Лукашэнкі Саюзная дзяржава заўсёды была інструментам – інструментам гандлю для атрымання яшчэ большай улады», – кажа Кавалеўскі.

Пры гэтым, дадае палітолаг Павел Усаў, нават сваркі, якія раз-пораз успыхваюць асабіста паміж Пуціным і Лукашэнкам, а таксама перыядычна антырасейская рыторыка апошняга – усяго толькі ілюзія незалежнасці і самастойнасці, якую Лукашэнка старанна ствараў усе гэтыя гады.

«Лукашэнка сам знішчыў сваімі рукамі механізмы абароны дзяржаўных інтарэсаў, бо сам з’яўляўся заўсёды механізмам рэалізацыі расейскіх інтарэсаў у Беларусі і механізмам падпарадкавання Беларусі Расеі», – кажа доктар палітычных навук Павел Усаў.

Гаварыць жа хоць пра нейкую светлую будучыню для беларусаў у складзе Расеі, хай нават і ў форме Саюзнай дзяржавы, не даводзіцца, канстатуе палітолаг.

«У перспектыве мы будзем бачыць паступовую, а можа быць і вельмі інтэнсіўную дэградацыю сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай сістэмы. Пра нацыянальную я ўжо нават не кажу: яна абсалютна фактычна знішчаная. А вось з паглыбленнем і працягам вайны якраз-такі распад увогуле сацыяльна-палітычнага арганізму Беларусі будзе прадоўжвацца», – кажа Павел Усаў.

А таму сёння як ніколі актуальны лозунг «За нашу і вашу свабоду!», тлумачаць і кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі, і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Вызваленне Беларусі і шанец на лепшае жыццё для ўсіх нас цалкам залежыць ад перамогі ўкраінцаў над расейскімі акупантамі. Упершыню мы апынемся ў сітуацыі, калі ажно 4 з 5-ці краінаў-суседак будуць наўпрост зацікаўленыя ў незалежнасці Беларусі.

«Я думаю, што пасля вайны ў нас будзе вельмі моцны хаўруснік – гэта Украіна, якая разумее, што пакуль Пуцін будзе панаваць на тэрыторыі Беларусі, то няма шанцаў ва Украіны быць вольнай, паспяховай, квітнеючай, незалежнай краінай», – кажа Валер Кавалеўскі.

«Пакуль Беларусь знаходзіцца пад расейскай акупацыяй, пакуль на нашай зямлі знаходзяцца расейскія акупацыйныя войскі і пакуль з іх дапамогаю ўтрымлівае ўладу марыянеткавы ўрад дыктатара Лукашэнкі, ані пра нейтралітэт, ані пра бяспеку ўкраінцаў, беларусаў і нашых краінаў-суседак не можа быць і гаворкі. Расейскія войскі і марыянеткавы рэжым Лукашэнкі мусяць сысці з беларускай краіны – толькі гэтак у Беларусь і суседнія краіны вернецца мір!» – адзначае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

І гэткая ганебная дата, як Дзень яднання фактычна Пуціна і Лукашэнкі, абавязкова знікне з беларускага календара.

Валера Руселік, Белсат