Беларусы змогуць атрымліваць гуманітарныя візы, не выязджаючы з Польшчы


Праблема легалізацыі – адно з самых вострых пытанняў для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу. Бо ў сувязі з вайной ва Украіне шэраг дзяржаваў адмаўляецца выдаваць візы грамадзянам Расеі і Беларусі.

У беларусаў можа з’явіцца шанец атрымліваць гуманітарныя візы, не выязджаючы з Польшчы, і часовы від на жыхарства на тры гады з гуманітарных прычынаў. Гэтая інфармацыя стала вынікам сустрэчы прадстаўнікоў Офісу Святланы Ціханоўскай з працоўнай групай Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы.

«Для рэалізацыі гэтага патрэбен будзе час, але мы чакаем, што закон ужо будзе на наступным тыдні», – заявіў прадстаў НАУ Міхаіл Кірылюк.

Такія ж сустрэчы Офіс Святланы Ціханоўскай правёў з міністрамі замежных справаў Латвіі і Эстоніі. Бо ў сувязі з вайной ва Украіне балтыйскія краіны пастанавілі прыпыніць выдачу турыстычных візаў беларусам. Аднак, як запэўніў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, у краінах Балтыі будзе працягвацца выдача праваабарончых і гуманітарных візаў. Апошнія таксама выдаюцца ў Чэхіі, як і ВНЖ для тых, хто ўжо ў краіне.

«Апошнія заявы Латвіі ці Эстоніі пра тое, што яны не будуць больш выдаваць візы беларусам, яны датычыліся турыстычных і так званых залатых візаў. Некаторыя беларусы куплялі маёмасць у Літве, напрыклад, і паводле гэтай маёмасці маглі атрымаць від на жыхарства ў Латвіі. Дык вось гэтая лавачка таксама прыкрылася. А таксама паводле афіцыйнай інфармацыі, гэтыя абмежаванні былі ўведзеныя і таму, што дзеці чыноўнікаў ці родныя сілавікоў пачалі злоўжываць візавымі працэдурамі», – кажа старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

З 3 красавіка, паводле інфармацыі Памежнага камітэту, Беларусь адкрывае свае наземныя межы. Апошнія паўтара года проста так выехаць з краіны было немагчыма – трэба было мець прычыну: выезд на працу, лячэнне або вучобу (дазвалялі гэта раз на тры месяцы). Цяпер будзе дастаткова мець візу.

«Рэжым Лукашэнкі ў нейкай ступені зацікаўлены, каб беларусы выязджалі. Яму так спакайнее ажыццяўляць сваю ваенную ўладу. Ён жа ўжо не рупіцца за грамадства, ён не мае планаў на будучыню. Яму тут задача ноч прастаяць і дзень пратрымацца. Таму, я думаю, ён зацікаўлены ў павелічэнні эміграцыі», – дадаў Франак Вячорка.

Цяпер беларусам адкрываюць турыстычныя візы ў 14 краінах. Сярод іх – Польшча, Грэцыя, Венгрыя, Італія, Вялікая Брытанія і інш. А вось Літву, Чэхію, Латвію, Швецыю, Эстонію і яшчэ шэраг краінаў наведаць у якасці турыста пакуль што не атрымаецца.

Аднак сітуацыя з выдачаю візаў змяняецца вельмі часта. Таму перад тым як падаваць дакументы на візу, варта ўдакладняць інфармацыю ў консульстве ці пасольстве краіны, у якую збіраецеся выехаць.

Наста Печанькова, «Белсат»