«Крок да легалізацыі надзвычайнага становішча». Як адгукнуцца на беларусах папраўкі ў заканадаўстве


Пастанавіўшы не выносіць на грамадскае абмеркаванне, беларускі парламент у першым чытанні прыняў тры папраўкі ў законах: аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, супрацьдзеянні экстрэмізму і масавых мерапрыемствах, а таксама змены ў Закон аб СМІ.

«Змены ў гэтым заканадаўстве фактычна з’яўляюцца крокам да легалізацыі гэтага надзвычайнага становішча, дзе ўзаконьваюць гэтыя рэпрэсіўныя практыкі, і рэпрэсіўным органам адкрываецца больш магчымасцяў для рэалізацыі таго, што яны дэ-факта робяць. Але зараз гэта будзе ўводзіцца ў такое ўрэгуляванае законам становішча», – кажа аналітык Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Гэтак, упершыню ўводзяцца тэрміны «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка» і «экстрэмісцкае фармаванне». Журналістам жа, між іншага, забаранілі весці стрымы з месцаў пратэстаў з мэтаю іх папулярызацыі ці прапаганды.

Вызначаць, што падпадае пад гэтыя катэгорыі, будзе Міністэрства ўнутраных справаў, КДБ і Вярхоўны Суд.

Як мяркуе праваабаронца Настасся Лойка, у законапраекце «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» ўлады выкарыстоўваюць папраўкі 2019-га года. Праз іх былі затрыманыя Анджэй Пачобут, Алесь Пушкін і Паўла Мажэйка. Апошняга адпусцілі праз 72 гадзіны. Анджэю ж Пачобуту – выставілі абвінавачанне.

«Проста любое іншадумства, любое выказванне і праца медыяў, праца прафсаюзаў, праца грамадскіх абʼяднанняў і нават асобных людзей – усё, што не патрапляе пад дзяржаўную ідэалогію, будзе лічыцца экстрэмізмам з негатыўнымі наступствамі. Гэта можа быць адміністратыўная адказнасць, крымінальная адказнасць, і нават пасля адбыцця пакарання 5 гадоў будзе забаронена займацца пэўнай дзейнасцю», – кажа праваабаронца «Human Constanta» Настасся Лойка.

Дэпутатка Лілія Ананіч заўважыла росквіт нацызму ў Беларусі, пра гэта яна паведаміла ў сваім дакладзе падчас сесіі парламенту. Што праўда, ейныя словы супярэчаць статыстыцы. Паводле «Human Constanta», у 2019-м годзе МУС завёў 98 адміністратыўных справаў за «рэабілітацыю нацызму», у 2020-м іх было ўжо на 10 менш. А што думаюць беларусы? Ці пачуваюцца бяспечна?

«З боку людзей – не. І ўсё гэтым сказана, вы ж разумееце»

«Так, заўважылі, вельмі шмат экстрэмізму і нацызму. Неапазнаныя людзі ў чымсьці чорным бегаюць узброеныя, збіваюць людзей, калечаць і нават забіваюць. Дзіўна, калі нехта не заўважыў, гэта трэба быць сляпым альбо глядзець на рэчы незразумела. Я такіх людзей, як мінімум, не ведаю»

«Калі ў нас экстрэмізм і нацызм ёсць, то ён праяўляецца з боку ўладаў. Ціск на людзей, якія размаўляюць на беларускай мове, – мы ўсе ведаем гэтыя гісторыі, – чытаюць на беларускай мове. Ці гэта не нацызм?», – адказваюць жыхары і госці Менску.

Папраўкі будуць канчаткова прынятыя пасля другога чытання і подпісу Лукашэнкі.

Надзея Бельская, «Белсат»