«Яе білі па галаве, яе душылі». Новыя палітвязні і новыя выракі


Беларускія праваабаронцы дадалі ў спіс палітзняволеных яшчэ двух чалавек: Сяргея Верашчагіна, асуджанага на пяць гадоў калоніі, і маці пяцёх дзяцей Вольгу Залатар, якую затрымалі працаўнікі ГУБАЗіКу – самага жорсткага ў адносінах мірных дэманстрантаў падраздзялення міліцыі. Такім чынам, цяпер у Беларусі 324 палітвязня, хаця крымінальных справаў, наўпрост звязаных з рэпрэсіямі, у некалькі разоў больш.

Чатыры гады калоніі Яўгену Бароўскаму і па пяць гадоў – Івану Зянько, Аляксею Драбу і Уладзіміру Кацкелю. Такі прысуд агучыла суддзя Фрунзенскага раёну Менску Юлія Блізнюк. Менчукоў абвінавацілі ў тым, што падчас Маршу гонару ў лістападзе каля метро «Пушкінская» яны, нібыта, перашкодзілі сямі амапаўцам затрымаць чалавека, распачалі з імі бойку, нанеслі ўдары па галовах і разбілі шкло службовага аўтамабіля. Кожны з асуджаных мае заплаціць маральную шкоду сілавікам ад дзвюх да трох тысяч рублёў. Сваёй віны мужчыны не прызналі.

«Калі было апытанне абвінавачаных, ён ад дачы паказанняў адмовіўся. Агучыўшы, што ўсё паказанні былі выбітыя дубінкамі супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Ад паказанняў Іван адмовіўся. І ўсё судовае паседжанне ён трымаў сваю пазіцыю», – распавядае Ларыса Зянько – сястра асуджанага Івана Зянько.

На чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму суддзя Алена Капцэвіч асудзіла палітвязня Ігара Рудчыка. Яго абвінавацілі ў тым, што 10 жніўня ён «майстраваў барыкады, разбіраў брукаванку, біў палкай па сметніцы, нецэнзурна лаяўся і агаляўся.

Сёння ж суд адмовіўся задаволіць апеляцыю ў справе палітвязня Дзмітрыя Гопты. Прысуд – два гады калоніі – пакінулі без зменаў. Хлопец мае разумовую адсталасць лёгкай ступені, аднак гэта не паўплывала на пазіцыю суда.

А ў судзе Савецкага раёну Менску працягваецца працэс над Кірылам Паўлаўцом, якога вінавацяць у закліках да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах і перашкодзе працы транспарту. Пракурор патрабуе тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Вынясенне прысуду некалькі разоў пераносілі, бо галоўны сведка – супрацоўнік Цэнтральнага РУУСу нехта Аляксандраў Аляксандр Аляксандравіч – на паседжанне не з’яўляецца.

«Выпрабоўваюць нашае цярпенне. Я не ведаю, чаму былі гэтыя пераносы. Незразумела, сведку яны так і не знайшлі, бо яго, хутчэй за ўсё, не існуе», – лічыць жонка Кірыла Таццяна Паўлавец. «Я лічу, што яму мусяць вынесці апраўдальны прысуд. Я лічу, што кожны з нас у гэты час абараняў свае правы, права выбару, права жыць у свабоднай краіне, права размаўляць на сваёй роднай мове, права ўдзельнічаць у мітынгах», – падкрэслівае маці асуджанага Раіса Паўлавец.

Маці пяцярых дзяцей Вольгу Залатар, якую сёння прызналі палітзняволенай, супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі 18 сакавіка. Яе і вінавацяць у «стварэнні экстрэмісцкага фармавання або кіраўніцтве такім фармаваннем». Адвакат сцвярджае, што Вольга зазнае катаванні, аднак следчы камітэт не рэагуе на скаргі жанчыны.

«Да яе былі ўжытыя катаванні. Я асабіста быў сведкам. Я бачыў сінякі, крывападцёкі. Яе білі па галаве, яе душылі, яе клалі на падлогу і прыціскалі нагамі да падлогі. У яе ягадзіцы ў сіняках», – распавёў адвакат Вольгі Залатар Андрэй Мачалаў.

Агулам колькасць палітзняволеных павялічылася да 324 чалавек.

Ігар Станкевіч, «Белсат»