Жонка палітвязня: «Чым больш мінае часу, тым становішся мацнейшы і эмацыйна больш стабільны»

Ад 60 да 80 базавых велічыняў штрафу. У Салігорску пакараныя восем асобаў, якіх жорстка затрымалі ў нядзелю. Аштрафаваныя жанчыны кажуць, што суд іх уразіў нават больш за самое затрыманне.

«Два супрацоўнікі выступаюць сведкамі, якіх я на вочы не бачыла, і адзін у паказаннях кажа, што супраціў быў, другі кажа, што не было супраціву, а яна проста стаяла на адлегласці 50 метраў, і суддзя выносіць прысуд, што супраціў. 30 базавых за супраціў і 30 за пікетаванне», – кажа Вольга Гундар, якую аштрафавалі на 1740 рублёў.

28 лютага ў лесапаркавай зоне побач з Салігорскам сустракаліся аднадумцы і сябры. Праз паўгадзіны прыехаў АМАП, і пачаліся затрыманні.

«Гэтая карціна незабыўная. Калі на тваіх вачах восем чалавек малоцяць аднаго, які ляжыць», – кажа Наталля, пакараная штрафам 1740 рублёў.

«Я стаяла за мікрааўтобусам, туды, дзе былі хлопцы, забеглі некалькі працаўнікоў АМАПу, і пасля гэтага пачаў вельмі моцна гайдацца мікрааўтобус», – згадвае Вольга Канановіч, аштрафаваная на 2320 рублёў.

Пасля васьмі гадзінаў у ізалятары часовага ўтрымання чатырох жанчын адпусцілі да суда. Іхныя справы і разгледзелі сёння. Яшчэ прынамсі чатыры асобы застаюцца затрыманымі.

«Няўжо мяне цяпер гэтымі судамі ды штрафамі змусяць думаць іншае, чым тое, што ў нас не дзеюць законы? Яны мяне не змусяць», – адзначае Наталля.

Разгледзелі шэсць чарговых справаў суседзяў з вуліцы Багдановіча ў Менску. Іх затрымлівалі 4 лютага, калі яны збіраліся на традыцыйнае чаяванне. Адна з затрыманых ужо адбыла 15 содняў арышту, сённяшнія паседжанні завяршыліся штрафамі, справы яшчэ двух удзельнікаў чаявання разгледзяць на наступным тыдні.

Не спыняюцца і працэсы паводле крымінальных справаў. У судзе Фрунзенскага раёну сталіцы Юлія Блізнюк пачала разглядаць справу дзвюх мянчанак, якія 13 снежня раскідалі самарэзы ля пракуратуры Менску. Настассю Нікіціну і Святлану Лабунскую вінавацяць у зацятым хуліганстве і замаху на здзяйсненне злачынства.

У судзе Цэнтральнага раёну Менску суддзя Таццяна Акавітая прызначыла наступнае пасяджэнне ў справе архітэктара Вадзіма Дзмітранка на 15 сакавіка. Справу разглядаюць з вялікімі перапынкамі: першае паседжанне адбылося 12 студзеня, а другое – толькі сёння.

«Можа, ёсць неабходнасць людзей даўжэй утрымліваць у засценках, маральна ціснуць на іх ды іхныя сем’і, але я па сабе магу сказаць, што чым больш мінае часу, тым, наадварот, становішся мацнейшы і эмацыйна больш стабільны, больш выразная робіцца сітуацыя», – адзначае Вольга, жонка Вадзіма Дзмітранка.

Вадзіма Дзмітранка затрымалі 15 лістапада ля плошчы Пераменаў і моцна збілі. З ягоных словаў, у аўта яму ў твар пырснулі з пярцовага балончыка. На відэа, знятым у дзень затрымання, бачна, што мужчына не можа расплюшчыць вачэй.

У рэчах Дзмітранка нібыта знайшлі дымавыя шашкі, рагатку, самаробную дубінку, выбуховы пакет і нож. Цяпер яго вінавацяць адразу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Праваабаронцы дадалі да спісу палітычных вязняў яшчэ пяць асобаў. Усе яны пазбаўленыя волі за знявагу дзяржаўных сімвалаў і абразу прадстаўнікоў улады – міліцыянтаў. На сёння беларускімі праваабаронцамі 261 асоба прызнаная вязнямі сумлення.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама