«Яны выконвалі сваю працу, іх пасадзілі за краты. А той, хто забіў чалавека, таго не пакаралі зусім»

«Я гатова нават апладзіраваць», – такая была рэакцыя людзей на вырак, які вынесла Святлана Бандарэнка доктару і журналістцы. Іх прызналі вінаватымі паводле трэцяй часткі артыкулу 178 Крымінальнага кодэксу. Арцёма Сарокіна асудзілі на два гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на год. Яго вызвалілі ў зале суда. Доктар мусіць выплаціць яшчэ амаль паўтары тысячы рублёў штрафу.

– Чым зоймецеся сёння ўдома?

– З дзецьмі буду, – кажа Арцём Сарокін.

Кацярыну Барысевіч пакінулі пад вартай і прысудзілі 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Сто два дні, якія журналістка правяла пад вартаю ў чаканні выраку, аднімуць з гэтага тэрміну. Яна таксама мусіць выплаціць штраф – 2900 рублёў.

«Далі мінімальны тэрмін, які можа быць у прынцыпе дадзены па пазбаўленні волі, у прынцыпе гэта, напэўна, някепска. Мы з ёй нядоўга размаўлялі, але яна так перапытала: «Што, праўда 6, гэта 6 месяцаў?», – кажа адвакат Міхаіл Баднарчук.

На першым паседжанні пракурор Людміла Іваненка хадайнічала, каб правесці суд у закрытым рэжыме. Кацярына, Арцём, іхныя адвакаты і мама Рамана Бандарэнка былі супраць. Аднак суддзя пастанавіла закрыць працэс. Патлумачылі тым, што матэрыялы справы ўтрымліваюць медычныя дакументы, якія раней не публікаваліся.

«Нічога агульнага з правасуддзем у гэтым прысудзе няма. Гэта расправа над журналісткай, якая рабіла сваю працу абсалютна правільна, нічога не парушаючы, правяраючы ўсе факты», – кажа Барыс Гарэцкі з беларускай асацыяцыі журналістаў.

На агалашэнне прысуду прыйшло нямала незнаёмых людзей, каб падтрымаць доктара і журналістку. Аднак у залу дый і наагул у будынак суда іх не пусцілі, як і бальшыню журналістаў незалежных СМІ.

«Думала, што будзе шмат больш, аднак усё роўна нельга так. Яны выконвалі сваю працу, іх пасадзілі за краты, а той, хто забіў чалавека, таго не пакаралі зусім», – кажа Ганна, якая прыйшла падтрымаць Кацярыну і Арцёма.

Кацярына Барысевіч правядзе яшчэ больш за два месяцы за кратамі. У адным са сваіх лістоў журналістка была перакананая ў тым, што вытрывае гэтыя… часовыя складанасці

«Па-першае, у мяне класная сям’я, сябры і калегі. Адчуваю вашае вялізнае падтрыманне. Па-другое, без смеху не магу, калі «гараваць», дык хвілін 10-20. І так, я люблю жыццё. Калі глядзець глабальна, я шчаслівы чалавек. Часовыя цяжкасці скончацца, і настане час для сустрэч, прызнанняў, радасці і кахання», – пісала Кацярына Барысевіч у лістах.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Глядзі таксама