Беларусы Фінляндыі падарылі Ціханоўскай сям’ю мумітроляў – каб Сяргей Ціханоўскі хутчэй выйшаў з турмы


За паўгода, што мінулі пасля выбараў, Святлана Ціханоўская сустрэлася з большаю колькасцю замежных лідараў, чым Лукашэнка за ўсе 26 гадоў кіравання краінаю. Цяпер Ціханоўская з візітам у Фінляндыі, дзе яна сустрэлася з прэзідэнтам краіны, а таксама з беларускаю дыяспарай.

Прэзідэнт Фінляндыі Пэка Хаавіста прымаў Святлану Ціханоўскую ў сваім галоўным офісе ў Хельсінкі. Перамовы доўжыліся амаль гадзіну.

«Кіраўніцтва Фінляндыі разумее, што адбываецца, яны на баку праўды, на баку правоў чалавека, і ўсяляк нас падтрымліваюць у нашай барацьбе… Для іх цяжка зразумець, як у 21-м стагоддзі могуць адбывацца такія падзеі, і даводзіцца распавядаць, як людзі трапляюць у турмы», – распавяла пра размову з фінскім прэзідэнтам Святлана Ціханоўская.

Сярод тэмаў сустрэчы была арганізацыя перамоваў між прадстаўніцтвам палітычнага рэжыму Лукашэнкі і прадэмакратычнымі сіламі. Фінляндыя магла б стаць пасярэднікам у сапраўдным Круглым стале.

«Размаўлялі ў тым ліку пра адмену хакейнага чэмпіянату – Фінляндыя адыграла там важную ролю. Шмат было размоваў пра АБСЕ, што ўсе згодныя, каб новыя выбары прайшлі пад патранажам АБСЕ, каб АБСЕ стала перамоўнай пляцоўкай. І што на гэта згодныя ўсе бакі – і Еўрапейскія краіны, і Каардынацыйная Рада і нават Расея. Не хоча толькі Лукашэнка», – распавёў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Фінляндыя – парламенцкая краіна, таму заўтра адбудзецца яшчэ больш важная сустрэча Святланы Ціханоўскай – з прэм’ер-міністаркай Саннай Марын, міністрам замежных справаў ды іншымі ўрадоўцамі. Галоўная тэма перамоваў – як Фінляндыя можа ініцыяваць увядзенне 4-га пакету санкцыяў Еўразвязу супраць палітычнага рэжыму Лукашэнкі.

«Задача Святланы Ціханоўскай падчас усіх сустрэчаў – трымаць Беларусь на парадку дня, каб Фінляндыя падтрымлівала Беларусь у Бруселі, у АБСЕ, у ААН, распавядаць пра апошнія падзеі і рэпрэсіі, бо калі гэтага не будзе рабіць Святлана Ціханоўская, гэтага не будзе рабіць ніхто», – перакананы Франак Вячорка.

Мэта кожнага з замежных візітаў Святланы Ціханоўскай – распавесці кіраўніцтвам розных краінаў пра сітуацыю ў Беларусі, маштаб рэпрэсіяў і працяг мірных дэманстрацыяў.

Адной з такіх магчымасцяў стаў выступ Святланы Ціханоўскай у Фінскім інстытуце міжнародных стасункаў. На адмысловым мерапрыемстве прадстаўніца Беларусі распавяла пра сённяшнія палітычныя суды і заклікала еўрапейскія краіны даслаць ясны сігнал Лукашэнку аб недапушчальнасці рэпрэсіяў.

«Адразу пасля выбараў Лукашэнка зрабіў Беларусь пеклам на зямлі. Так шмат людзей было затрымана, так брутальна абыходзіліся з арыштантамі. Калі вязні пачалі выходзіць праз тры дні з ізалятараў, людзі не маглі паверыць, што такія зверствы могуць адбывацца ў Беларусі», – распавяла Святлана Ціханоўская.

Але самым душэўным стала спатканне з беларускаю дыяспарай у Фінляндыі, у тым ліку з тымі, хто зʼехаў з Беларусі пасля затрыманняў і жорсткіх рэпрэсіяў. Суайчыннікі падарылі Святлане казачных мумітроляў.

«Мама, тата і двое дзяцей, з верай у тое, што вашая сямʼя хутка ўзʼяднаецца»

Пасля гэтай гарачай восені беларусы Фінляндыі вырашылі абʼядноўвацца і заснавалі грамадскую арганізацыю.

«Дапамога беларусам у Фінляндыі, за межамі Фінляндыі, а таксама дапамога фінам у пазнанні беларускай культуры, развіццё беларуска-фінскіх стасункаў», – пералічвае мэты Таварыства беларусаў Фінляндыі ягоны старшыня Кірыл Кірылаў.

Суайчыннікі бачаць шмат падабенства паміж радзімай і Фінляндыяй. Шмат лясоў, моцны аграрны комплекс, неабходнасць захоўваць добрыя стасункі і з Еўразвязам, і з Расеяй.

«Гісторыя Фінляндыі падобная на гісторыю Беларусі, але ў пэўны момант здарылася развілка, і ім пашанцавала больш. Але яны памятаюць, што маглі б аказацца там, дзе мы аказаліся», – тлумачыць Аляксей, беларус, які пераехаў у Фінляндыю.

Візіт Святланы Ціханоўскай у Фінляндыю працягнецца да паслязаўтра. Потым да нядзелі яна разам з камандай ляціць у Лісабон на сустрэчу з кіраўніцтвам Партугаліі, а з 7 да 10 сакавіка – у Швейцарыю, на перамовы з прадстаўнікамі ААН і швейцарскага парламенту.

У Еўразвязе і Паўночнай Амерыцы Святлану Ціханоўскую лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»