Як рэфармаваць эканоміку Беларусі за 5 гадоў


«Калі не будзе Лукашэнкі – краіну разарвуць і расцягнуць па кавалках, а беларусаў зробяць жабракамі» – такі штамп, успадкаваны прапагандыстамі ад Лукашэнкі зняпраўджваюць наймацнейшыя эканамісты Беларусі і свету, якія аб’ядналіся і паказалі беларусам мадэль эканомікі нашай краіны без дыктатарскага рэжыму. У экспертнай публікацыі – магчымасці, якія натхняюць, заахвочваюць прыватны бізнес і галоўнае – там няма ніякіх санкцыяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Краіна з адкрытаю эканомікай, заснаванай на прыватным сектары. З дзяржаваю, якая інвестуе ў людзей праз адукацыю і ахову здароўя. Якая дае ўсім роўныя магчымасці, а ўразлівым сацыяльным групам – дапамагае. Беларусь за 5 гадоў можа змяніцца да непазнавальнасці – перакананыя аўтары плану рэфармавання беларускай эканомікі – даследнікі цэнтраў «CASE Belarus» і «BEROC», ды ініцыятывы «Chatham House».

«Нас падтрымлівае грамадства, я маю на ўвазе не падтрыманне самых эканамістаў, а падтрыманне разумення, што трэба рэфармаваць. Яны бачаць прыватны сектар чыстым, сумленны і вось там хацелі б сябе рэалізаваць. Беларусы таксама гатовыя браць адказнасць за сябе».

Алесь Аляхновіч спасылаецца на даследаванні World Values Survey, якія паказваюць нашае жаданне быць эканамічна незалежнымі і развіваць уласны бізнес у спрыяльных умовах.

Насуперак заявам кіраўніка камандна-адміністратыйнай сістэмы Беларусі, акурат прававая дзяржава і эканоміка на рынкавых рэйках – прывабілі б інвестыцыі і стварылі давер у вачах сусветных крэдытораў.

«Калі інвестары і краіны, Міжнародны валютны Фонд і Сусветны банк бачаць, што краіна гатовая да сапраўдных рэформаў, яны гатовыя аказаць фінансавую падтрымку», – працягвае Алесь Аляхновіч.

Адзін план падтрымання ад Еўразвязу – дэмакратычнай Беларусі ўжо задэклараваны – на суму тры мільярды еўра. Што, без уліку энерга субсідыяў, удвая больш, чымся дае Лукашэнку Крэмль.

«Разлічваць Беларусь зможа на значна большы абʼём дапамогі. Гэта і стабілізацыйная праграма МВФ – парадку $ 3-4 млрд», – інфармуе Аляхновіч.

Заходнія краіны сваіх абяцанняў трымаюцца. Апроч фінансавага, абяцаюць палітычнае падтрыманне, якое адкрые для Беларусі рынкі і скасуе санкцыі. Будзе дапамога ў адукацыі, інавацыях, лічбавізацыі і безумоўна – тэхнічнае падтрыманне.

Пасля кансультацыяў са знаўцамі ў сусветнай эканоміцы беларусы распрацавалі сцэнар рэфармавання.

На графіцы чырвоным пазначана, што макрастабілізацыя і сістэмы абароны ад беспрацоўя – задачы на першы год. Два гады спатрэбіцца на перагляд правілаў падатковага адміністравання, лібералізацыю вонкавага гандлю і стварэнне адказнага за працу прадпрыемстваў органа.

«Ёсць рэчы, якія трэба рабіць паслядоўна. Напрыклад, перш чым пераходзіць да буйнамаштабнай рэформы дзяржпрадпрыемстваў, трэба распрацаваць сістэму дзяржпадтрымання. Перш чым рабіць накапляльную пенсійную сістэму, трэба стварыць эфектыўныя інстытуты фінансавых рынкаў», – каментуе акадэмічная дырэктарка цэнтру BEROC Кацярына Барнукова.

Названыя Спадарыняй Кацярынаю рэформы ідуць адна за другою. Рэфармаванне малых і сярэдніх прадпрыемстваў – разлічаныя на другі і трэці год. Рэструктурызацыя буйных прадпрыемстваў – можа выйсці за межы пяцігадовага плану.

«Калі мы атрымаем магчымасць рабіць рэформы, хутчэй за ўсё стан эканомікі Беларусі і макраэканамічнай стабільнасці будзе горшы чым цяпер. Але з іншага боку ў нас ёсць дастаткова людзей з дастатковаю колькасцю кампетэнцыяў, ведаў пра беларускую эканоміку», – запэўнівае Барнукова.

Эканамісты-даследнікі падкрэсліваюць, каб беларусы не мелі сумневаў – рэформы разлічаныя згодна з абʼёмам падтрымкі, якія Беларусь гарантавана атрымае.

Юлія Цяльпук, «Белсат»