Рэальнае беспрацоўе ў 30 разоў болей за афіцыйнае. Хто з беспрацоўных трапіць у базу дармаедаў?


Беларускія чыноўнікі палічылі рэальнае беспрацоўе. Яно аказалася ў 30 разоў болей за афіцыйную статыстыку. Між тым дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі працягваюць звальняць супрацоўнікаў. Толькі за мінулы год звольнілі на 4 адсоткі болей, чым пазалетась.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Прывядзі работніка дэфіцытнай прафесіі і атрымай 10 базавых велічыняў. Такую абвестку змясцілі на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў.

«Бачыў гэтую абвестку, але не бачыў, каб хтосьці кагосьці прыводзіў. Бо прыводзіць няма каго. У Бабруйску не так шмат адмыслоўцаў засталося. Усе разумныя спецыялісты з’ехалі», – кажа былы працаўнік прадпрыемства БЗТДіА.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Бабруйск-онлайн», прадпрыемства ўжо год ладзіць такую акцыю. Трапіць на завод з вуліцы не ўдасца.

«Трэба, каб была хаця б нейкая машынабудаўнічая адукацыя або праца на машынабудаўнічым заводзе, веданне металу», – паведамілі на прадпрыемстве.

На сайце прадпрыемства 15 вакансіяў для адмыслоўцаў вышэйшых за 3-і разрад. Прапанаваны заробак – ад шасцісот да дзвюх тысячаў двухсот рублёў.

«Гэта сведчыць аб тым, што прадпрыемства праблемнае. Калі яны ідуць на такія захады, гэта значыць, што яны не могуць прапанаваць нармальных умоваў працы», – мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

Пакуль бабруйскі завод шукае, іншыя дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі звальняць работнікаў. Паводле афіцыйнае статыстыкі, летась страцілі працу больш за 739 тысячаў чалавек – гэта амаль на 4 адсоткі болей, чым пазалетась. Не знайшлі працы каля 73 тысячаў чалавек.

«У бліжэйшыя гады мы будзем бачыць пагаршэнне сітуацыі, бо дзяржпрадпрыемствы працягнуць скарачаць колькасць, а людзям прыйдзецца некуды ўладкоўвацца. У Беларусі шанцаў у іх на гэта, як мы бачым з папярэдняга досведу, няшмат», – перакананы Аляксей Харкевіч.

Тым часам беларускія чыноўнікі назвалі рэальны ўзровень беспрацоўя. Разлікі праводзіліся паводле методыкі Міжнароднай арганізацыі працы. Лічбы перавысілі афіцыйныя ў 30 разоў. Методыка МАП улічвае людзей, якія звольніліся і шукаюць працу, а афіцыйная – толькі тых, хто зарэгістраваўся ў цэнтрах занятасці.

«Рэгістрацыя ў цэнтры занятасці дае вельмі мала льготаў для людзей. Няма нармальнай дапамогі па беспрацоўі, якое ты яшчэ мусіш адпрацаваць, хадзіць 2 дні на працу», – адзначыў эканаміст.

Каб зарэгістравацца ў службе занятасці, трэба сабраць вялікі пакет дакументаў, рэгулярна наведваць прапанаваныя вакансіі і грамадскія працы. Адзіны плюс – беспрацоўных выключаюць з гэтак званай базы дармаедаў.

«Калі вы падаяце паводле Дэкрэту № 3 у адміністрацыю сакратару даведку, што вы стаіце на ўліку ў службе занятасці, вас мусяць вызваліць ад аплаты 100 % у сістэме ЖКГ», – паведамілі ва Упраўленні занятасці насельніцтва Менску.

У лютым мясцовыя ўлады маюць аднавіць базу незанятых у эканоміцы працаздольных беларусаў. Уладальнікі жытла, што трапяць у гэтую базу, мусяць аплочваць ацяпленне, гарачую ваду і газ паводле поўных тарыфаў.

Антон Каменскі, «Белсат»