Беларускія балоты – натуральныя скарбніцы прыроды. У свеце адзначаюць дзень водна-балотных угоддзяў


Сёння адзначаюць дзень водна-балотных угоддзяў. Беларускія балоты – унікальныя прыродныя мясціны, якія вабяць сваёю прыгажосцю і таямнічасцю. Здаўна дрыгва дапамагала беларусам: хавала ва ўлонні ў часе вайны ды карміла сваімі дарамі. Бадай кожнаму знаёмы нацыянальны беларускі ласунак – журавіны ў цукры. Аднак ці ўсё так добра з гэтымі экасістэмамі ў нашай краіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларускія балоты называюць лёгкімі Еўропы. Яны займаюць болей за 12 адсоткаў тэрыторыі нашай краіны. Найбуйнейшыя з іх: Ельня, Марочна, Дзікое, Спораўскае, Альманскія балоты, Прастыр, Званец ды адныя з самых вялікіх у свеце – Пінскія балоты.

«Экасістэмы балот ёсць вельмі разнастайнымі і ў сваёй разнастайнасці ёсць сховішчам генетычнага банку, таго, што называецца біяразнастайнасцю, бо там сапраўды вялікая колькасць відаў раслін, жывёлін і казурак», – распавядае Марыя Фалалеева, экспертка ў галіне кліматычнай палітыкі.

Водна-балотныя ўгоддзі сталі домам для 23 відаў птушак, 47 відаў раслінаў, 21 віду казурак, занесеных у Чырвоную кнігу.

«Адно з самых вялікіх уражанняў – гэта журавы, якія па восені на Ельні збіраюцца і пералятаюць з балотаў на палі і назад. І вечары на захадзе сонца, калі ты ляжыш, а яны пралятаюць над табою сотнямі, а можа нават і тысячамі», – узгадвае Вольга, якая валанцёрыла на балоце Ельня.

Уводзяць балоты і ў сельскагаспадарчы і эканамічны абарот, што нясе ім пагрозу. Найбольшую ў сучаснай Беларусі несла пастанова Савета міністраў 2011 года. Згодна з ёй з тэрыторыі васьмі балотаў выводзіліся ўчасткі пад здабычу торфу як экалагічнага і аднаўляльнага рэсурсу.

«Зразумела б, што торф і гэтыя балоты былі б высушаныя, яны б былі прададзеныя на экспарт, а гэтыя грошы, як мы бачым, не пайшлі б на карысць дзяржавы, на карысць яе росквіту», – зазначае экаактывістка і біёлаг Інэса Балоціна.

Дзякуючы грамадскай кампаніі «У абарону беларускіх балот» пастанову ўдалося адмяніць. А ў 2019 годзе быў прыняты законапраект «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў», які вызначаў рэжым аховы і выкарыстання натуральных балот і парадак кіравання імі. З таго часу, паводле Інэсы Балоцінай:

«Радыкальнай меліярацыі не праходзіць, але лакальныя наступствы – яны працягваюцца. Напрыклад, не так даўно Браслаўскія азёры – натуральна з тэрыторыі Нацыянальнага парку быў выдзелены кавалак для торфараспрацоўкі».

Акрамя таго, торфаздабыча – састарэлая галіна, якая не мае эканамічнага эфекту. Асушэнне балот пад гэтыя мэты наносіць шкоду наваколлю і клімату, бо балоты паглынаюць і назапашваюць вялікія аб’ёмы CO2.

«Што мы, у прынцыпе, і назіраем на шмат якіх меліяраваных тэрыторыях, калі балоты становяцца крыніцай выкідаў парніковых газаў, разбураюцца экасістэмы, разбураецца найперш тарфяныя грунт», – падкрэслівае Марыя Фалалеева.

Прыводзіць асушэнне і да дэградацыі зямель, а таксама зніжэння грунтавых водаў, што ў некалькі разоў павышае імавернасць узнікнення прыродных пажараў у засушлівы перыяд ды вядзе да змянення экасістэмаў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»