ВІЧ-інфікаваным у Беларусі не стае лекаў?


Беларусаў з пазітыўным ВІЧ-статусам более. Колькасць новых інфікаваных у нашай краіне павялічылася амаль на 13 адсоткаў у параўнанні з леташняй.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За 10 месяцаў 2022 года зарэгістравана 1369 новых выпадкаў ВІЧ-інфекцыі», – адзначыла эпідэміёлаг Лізавета Прылажынская.

Агульная колькасць інфікаваных – больш за 24 тысячы. Распаўсюд ВІЧ нераўнамерны. Лідаруюць па колькасці новых выпадкаў інфекавання Менск, Менская і Гомельская вобласці. Са словаў Лізаветы Прылажынскай, рост хваробы за апошняе пяцігоддзе назіраецца толькі сёлета. Гэтае павелічэнне эпідэміёлагі звязваюць з наступствамі пандэміі.

Нязменнымі застаюцца шляхі перадавання ВІЧ-інфекцыі. Цягам апошніх гадоў асноўны шлях – сексуальны. Таму трэба пазбягаць неабароненых сексуальных кантактаў і выкарыстоўваць прэзерватывы. Таксама вірус можа перадавацца праз кроў пры ін’екцыйным спажыванні наркотыкаў або пры выкарыстанні нестэрыльнага інструменту, напрыклад, для манікюру ці пірсінгу. Калі была рызыка інфікавання, важна своечасова прайсці тэставанне.

«Прайсці абследаванне на ВІЧ можна бясплатна, у тым ліку ананімна, у любой установе аховы здароўя, дзе ёсць працэдурны кабінет. Абследаванне на ВІЧ можна прайсці таксама ў сябе дома, купіўшы перад гэтым экспрэс-тэст па сліне ў аптэцы», – удакладніла эпідэміёлаг.

Большасць людзей з ВІЧ могуць весці звыклы лад жыцця. Замарудзіць развіццё інфекцыі дапамагаюць антырэтравірусныя прэпараты. Аднак тыя, хто атрымлівае адмысловую тэрапію пры ВІЧ, перыядычна сутыкаюцца з перабоямі ў пастаўках лекавых сродкаў. Так, у кастрычніку ананімныя крыніцы з Беларусі паведамлялі нам пра адсутнасць «Лавудыну-АБ».

«Дакладна няма прэпарату “Лавудын-АБ” у сувязі з тым, што вытворцы і гандляры баяцца трапіць пад санкцыі. Закуп спрабавалі зрабіць праз САЗ – вынік той жа. Гэтым разам ніякіх спазненняў з боку Міністэрства аховы здароўя не было, усё зрабілі своечасова, але праз сітуацыю з санкцыямі цяпер пад пагрозай нашае здароўе і здароўе дзяцей», – распавёў ВІЧ-інфікаваны з Беларусі.

На развязанне праблемы з перабоямі даставак лекаў паўплывала супольнасць пацыентаў.

«Пацыенцкая супольнасць Беларусі выдатна працуе ў тым плане, што яна трымае заўсёды руку на пульсе. Гэта значыць, яны прыкладна разумеюць, калі могуць узнікнуць перабоі. Тут і пачынаецца ўзаемадзеянне з дзяржаўным сектарам або фармкампаніямі для таго, каб аператыўна пазбегнуць перабояў», – растлумачыў актывіст руху «Пациентский Контроль» Аляксей Міхайлаў.

У выпадках, калі прэпарат часова знікае, трэба абмеркаваць далейшую тэрапію з доктарам. Самавольнае ўладкаванне гэтай праблемы можа прывесці да мутацыі віруса, адзначае інфекцыяністка Таццяна Кірычэнка.

«Калі прэпараты сканчаюцца або чалавек вырашыў іх не прымаць, трэба за адзін раз спыніць прыём усіх прэпаратаў. Потым аднаўляецца тая ж схема або прызначаецца іншая – гэта ўжо вырашае лекар», – адзначыла Таццяна Кірычэнка.

Паводле прагнозаў ЮНЭЙДС, скончыць са СНІДам у свеце магчыма да 2030 года. Роўны доступ да лячэння людзей з ВІЧ мусіць стаць адной з захадаў для дасягнення гэтай мэты.

Ірына Юрʼева, «Белсат»