Пазыкі людскія і дзяржаўныя: аддаваць усё цяжэй


Амаль Br 17 млрд! Столькі насельніцтва напазычала ў банках краіны і гэта рэкорд, пра памер якога адсправаздачыўся Нацыянальны банк. Кола людзей, якія могуць сёння ўзяць крэдыт, звужаецца. Перадусім за кошт асобаў, якія на фоне падзення эканомікі і ўзроўню даходаў страцілі крэдытаздольнасць. Частка з іх – сёлета пераступіла рысу беднасці. Распавядаем пра даўгі людзей і даўгі дзяржавы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў свініны без косці аддасце Br 3,31. Прыдуманы праектам «Кошт ураду» індэкс ЧаркаШкварка паказаў, што з восені мінулага года кошты на гэтыя народныя «антыдэпрэсанты» выраслі адно на 2 %.

З артыкулу праекту «Кошт ураду»:

«Тлумачэнне вельмі простае: дзяржава перакідае грошы з адной кішэні ў іншую, імкнучыся захаваць даступнасць народных “антыдэпрэсантаў”. Відавочна, што кішэня, з якой забіраюць грошы, – не бяздонная».

Афіцыйна гадавая інфляцыя на гэты момант – 17,9 %. Што адбіваецца на даходах насельніцтва. Паводле «Белстату», у трэцім квартале бягучага году без малога да чатырох адсоткаў вырасла колькасць людзей, якія знаходзяцца за рысаю беднасці. У магілёўскай вобласці гэта 5,8 % насельніцтва, у Берасцейскай вобласці – 5,5 %.

Падзенне даходаў, у сваю чаргу, зніжае крэдытныя здольнасці насельніцтва. Фармальна запазычанасць беларусаў па крэдытах рэкордная – амаль Br 17 млрд. Калі ж улічыць інфляцыю, то сёлета займалі менш, чымся летась. Да ліпеня крэдытаў амаль не бралі праз абмежаванні банкаў. Ад жніўня – сума крэдытаў расце.

«З аднаго боку гэта цешыць, што людзі сталі менш пазыкаў браць у банкаў. З іншага боку – мы разумеем, што ўжо настолькі дрэнная сітуацыя, што калі раней людзі маглі ратавацца пры дапамозе оўвэрдрафтных картак, растэрміновак ці яшчэ чагосьці, то цяпер яны нават гэтага не могуць сабе дазволіць», – звяртае ўвагу эканамістка Аліса Рыжачэнка.

Меншыя магчымасці, што да крэдытавання, і ў дзяржавы. На графіку бачым, што ў бюджэце на наступны год на Br 6,4 млрд павысілі ліміт унутранага доўгу – да Br 19,2 млрд. На іншым графіку – зніжаны на $ 1,3 млрд ліміт па вонкавым доўгу. 80 % гэтых пазыкаў трэба аддаваць у замежнай валюце.

«Нават з Расеяй у нас парадку 80 % дамоваў намінаваныя ў замежнай валюце – доларах, еўра. І ўмовы па многіх валютных пагадненнях не былі пераведзеныя ў расейскія рублі. Таму што самой Расеі гэта не выгадна. У нас ужо настолькі нізкі крэдытны рэйтынг, што мы не можам ужо нідзе ўзяць грошы», – падкрэслівае Аліса Рыжачэнка.

Расейскі палітолаг Аляксандр Марозаў аднак кажа пра вынятак з гэтага «нідзе». Маўляў, вайна ўнесла карэктывы ў стан эканамічных адносінаў Паміж Масквой і Менскам.

«Ужо відавочна, што Крэмль разлічвае на тое, што ён будзе размяшчаць некаторыя вытворчасці на тэрыторыі Беларусі, карыстацца вытворчымі магчымасцямі Беларусі для таго, каб забяспечыць рэсурсамі некаторыя бакі вайны. Пад гэтую справу Лукашэнка разлічвае атрымаць грошы ад Крамля. А Крэмль, увогуле кажучы, гатовы гэтыя грошы даваць», – лічыць Аляксандр Марозаў.

На гэты момант дзяржаўны доўг на душу насельніцтва складае $ 10 765.

Юлія Цяльпук, «Белсат»