Беларуска-польская мяжа: першыя стрэлы, новыя законы і шантаж Лукашэнкі


Ад сёння ў Польшчы дзеюць папраўкі ў заканадаўства аб ахове дзяржаўнай мяжы. На тры месяцы ўвялі забарону на наведванне 173-ох памежных участкаў, дзе дасюль дзеяла надзвычайнае становішча. У самым памежным канфлікце – эскалацыя. Польшча ўскладае на Беларусь адказнасць за абстрэл з пнеўматычнай зброі ейнай тэрыторыі. Беларусь адмаўляе такі факт, а меркаваны арганізатар міграцыйнага крызісу пагражае Захаду спыненнем транзіту на энерганосьбіты.

Толькі наперад і ні кроку назад – можам пачуць ад уцеклых з Іраку:

«Бо я там не ў бяспецы. Мая сям’я не ў бяспецы. Вось чаму. Калі я памру тут – гэта прымальна для мяне. Без праблем. Мы не хочам вяртацца», – кажа мужчына з Іраку.

Згодна з пашпартамі, 11 мігрантаў з Іраку і трое з Самалі. Пешкі з дзецьмі, адное з якіх не можа хадзіць, яны ня здолелі прарвацца ні ў Польшчу, ні ў Літву. Іншыя – знаходзяць больш дзівацкія шляхі. У ладунку з запламбаванай фуры, якая прыехала з Беларусі ў Тамашаў-Мазавецкі паліцыя знайшла пяцярых грамадзянаў Іраку. Першы такі выпадак быў зафіксаваны ў Літве. На знак пратэсту Польшча пагражае закрыць мяжу для грузавікоў. Аляксандр Лукашэнка адказаў:

«Калі мяне будуць душыць палякі ці нехта там яшчэ, я буду глядзець на нейкія кантракты? Яны вырашылі, палякі, закрыць мяжу з Беларуссю. Добра! Мы не так часта ездзім у Еўразвяз. Нашыя інтарэсы больш у Расеі, Кітаі і на Усходзе… А калі я закрыю? (…) Тады вы падумайце, як вы энерганосьбіты будзеце набываць у Расеі», – прыгразіў Лукашэнка.

Казаць ад імя Расеі – прынамсі неабачліва, лічыць кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Гаворка ідзе пра тое, колькі грузаў не атрымае Еўропа ад Расеі. Ёсць расейскія кантракты, страхоўкі, карныя санкцыі. Калі Лукашэнка пачне ўжо дапякаць расейскіх нафтабаронаў і іхныя структуры, безумоўна яны возьмуцца інакш за яго. Таксама будзе і асіметрычны адказ».

Бачым, што паглыбленне канфлікту – магчымае. Сёння ад Міністэрства абароны Польшчы паступіла першае паведамленне пра абстрэл польскай інфраструктуры ў ваколіцах Тэрэспалю.

«Знішчаныя рэфлектары, якія выкарыстоўваюцца для асвятлення ўчастку нашай мяжы. З інфармацыі, якую сабралі службы на месцы здарэння вынікае, што дайшло да абстрэлу з пнеўматычнай зброі», – заявіў прэс-сакратар Міністра-Каарданатара Сецслужб Польшчы Станіслаў Жарын.

Слупы абстралялі з двух бакоў, адзначаецца ў справаздачы. Намеснік міністра абароны заходняй суседкі Войцех Скуркевіч лічыць:

«Пнеўматыка напэўна не належыць эмігрантам, бо яны не маюць зброі. Гаворка пра беларускія службы».

Да асвятляльных мачтаў на тым адцінку не дастрэліш з пнеўматыкі, да таго ж беларускія памежнікі нясуць службу толькі з баявой зброяй – адказаў на закіды Беларускі памежны камітэт.

«Апошнім часам польскія службы і афіцыйныя асобы ўсё часцей становяцца аўтарамі падобных правакацыйных заяваў, якія не маюць нічога агульнага з рэальнасцю, выдумляючы абвінавачванні ў адрас беларускага боку», – прагучала ў ноце.

Праблемы на мяжы выдумкаю палякаў не назавеш. За мінулыя содні польскія службы стрымалі 102 спробы нелегальнага пераходу мяжы. За апошні восеньскі месяц спробаў было 8800, а ў кастрычніку – 17 300. З пачатку года – 40 000.

Здымак нясе ілюстрацыйны характар. Польская паліцыя на мяжы з Беларуссю. 19 лістапада 2021 года.
Фота: podlaska Policja / Twitter

Ад сёння да першага сакавіка ў 173-ох паселішчах Польшчы забаронена знаходзіцца не мясцовым жыхарам. Еўракамісія ж прапанавала ўвесці на паўгады адмысловае часовае заканадаўства для Еўразвязу.

Еўракамісарка Ільва Югансан патлумачыла:

«Заканадаўства дасць магчымасць Польшчы, Латвіі і Літве мець больш працяглы перыяд для рэгістрацыі хадайніцтваў аб прытулку. Час для ўдакладнення, дзе існуюць пункты для прыёму хадайніцтваў і гэтак далей. (…) Мы павінныя зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы забяспечыць больш гнуткае рэагаванне на межах у поўнай адпаведнасці з асноўнымі правамі мігрантаў».

Прапановы маюць дазволіць мігрантам да чатырох месяцаў перабываць у памежных лагерах і зробяць магчымаю больш хуткую дэпартацыю.

2-га снежня з Менску запланаваны рэйс для мігрантаў, якія вяртаюцца дамоў. У гэты ж дзень Еўразвяз афіцыйна апублікуе спіс кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі як датычныя да арганізацыі крызісу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»