Абяцаюць прыйсці да кожнага, бо не вераць, што перамаглі


Улада пераконвае самую сябе і ўласных прыспешнікаў, што нібыта ўтаймавала незадаволеных, а пратэсты суцішыліся. Аднак сама яна ў гэта не верыць, бо працягвае застрашваць грамадства. Сёння сілавікі ажыццявілі новую хвалю ператрусаў і затрыманняў сярод грамадскіх і палітычных дзеячаў.

Чарговы ператрус у доме гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай адбыўся зранку і доўжыўся амаль паўтары гадзіны. Супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў забралі тэлефон, фота- і відэаабсталяванне ды накапляльнікі інфармацыі.

«Па сканчэнні яны адвезлі мяне ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, хацелі дапытаць, але я скарысталася сваім канстытуцыйным правам не сведчыць супраць сябе – артыкул 27 Канстытуцыі. І допыт вельмі хутка скончыўся», – паведаміла журналістка.

Ператрус прайшоў і ў былога палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага:

«Чалавек 7 прыйшло з панятымі. У асноўным шукалі гаджэты, камп’ютары, дакументы, якія б сведчылі, што я з’яўляюся арганізатарам нейкіх экстрэмісцкіх арганізацый, што я трымаю сувязь з замежжам».

Гомель, Менск, Магілёў, Мазыр, Берасце, Рэчыца, Віцебск. Паводле праваабаронцаў, хваля ператрусаў і затрыманняў сёння закранула мінімум дзесяць грамадскіх і палітычных актывістаў. Так улады імкнуцца стварыць бачнасць кантролю над сітуацыяй, перакананая прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна:

«Для гэтага ім патрэбны такі адначасовы выкід у сацсеткі і медыі аб тым, што затрыманы і адзін, і пяты, і дзясяты. Каб стваралася такая ілюзія, што вельмі шмат людзей аказваецца за кратамі. Але гэта звычайная PR-кампанія, якая намагаецца загнаць людзей у страх».

Учора ГУБАЗіК затрымаў 11 чалавек за негатыўныя каментары пра смерць на вучэннях двух расейскіх дэсантнікаў.

«Цяпер гэтыя каментатары змешчаны ў ізалятары і прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці па арт. 130 Крымінальнага кодэксу за распальванне сацыяльнай варожасці. Ім пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў», – начальнік аддзелу ГУБАЗіК МУС Вячаслаў Арлоўскі.

Ён адзначыў, што негатыўныя каментары пра расейцаў пакінулі амаль 50 чалавек, і абяцае знайсці кожнага.

«Яны не думаюць аб наступствах таго, што яны робяць. Магчыма, гэта такая спроба падлізацца да Пуціна. У Лукашэнкі засталося мала магчымасцяў. І яго інтэрвʼю, якое ён зрабіў, яно таксама ў гэтым ключы зроблена. Гэта спроба паказаць са ўсёй моцы: Дзядзя Пуцін, не кідай!» – падкрэсліла Ганна Красуліна.

Тым часам праваабарончы цэнтр «Вясна» прывёў несуцяшальныя вынікі судовых працэсаў у лістападзе. У «пратэставых» крымінальных справах асуджаныя ня менш за 143 асобы. Агулам яны атрымалі 156 гадоў пазбаўлення волі, і амаль 200 гадоў «хіміі» ды «хатняй хіміі». Сярод асуджаных 23 жанчыны.

Антон Каменскі, «Белсат»