Дзяды памерлі. «Дзяды» жывыя


Нашыя Дзяды – гэта нашыя настаўнікі, нашая спадчына і наш успамін. На мяжы кастрычніка з лістападам згадваем спачылых і намагаемся захаваць традыцыю, каб не памерла разам з вёскаю, адкуль узяла пачатак.

На мемарыяльных могілках Росы ў Вільні беларусы запалілі лампады, падтрымалі каталіцкую традыцыю 1-га лістапада – Свята ўсіх святых і Дзень памінання продкаў.

«Тут пахаваныя многія беларусы. Пахаваны Францішак Аляхновіч, тут пахаваныя паўстанцы Каліноўскага. У гэты дзень я прыйшоў і запаліў свечкі ў іхную памяць», – кажа наведнік могілак Андрэй Шарэнда.

На Дзяды здаўна згадвалі толькі сваіх блізкіх прашчураў. Але ў апошнія 32 гады ў Беларусі ў гэтыя дні палітыкі ладзілі шэсце і мітынг у Курапатах.

Сёлета – акцыі не будзе. Праз яе грамадскасць ушаноўвала памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Першае такое шматтысячнае шэсце і мітынг адбыліся 30 кастрычніка 1988 года ля Усходніх могілак і Курапатаў у Менску.

Наталля Калегава, дырэктарка арганізацыі «Дапамога» у Вільні, узгадвае:

«З прыходам незалежнасці ў Беларусь гэты дзень стаў афіцыйным дзяржаўным і мы даведаліся, наколькі гэта важна – узгадваць свае карані, захоўваць гэтую памяць. Потым прыйшоў «калхозны» строй, які дагэтуль, на жаль, трымаецца, і быў зліквідаваны гэты дзень, але пакінуты – дзень 7 лістапада».

Беларусы дамагаліся, але безвынікова, каб 2 лістапада зноў стала непрацоўным у дзяржаўным календары.

За саветамі прывязванне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў да Дня памінання продкаў было апраўданым, але цяпер такая прывязка неабавязковая – мяркуе аматарка традыцыйнай культуры Святлана Чакушка:

«Ёсць (для ўшанавання памяці рэпрэсаваных – заўв. Belsat) 29-га кастрычніка «Ноч расстраляных паэтаў», калі мы ўзгадваем трагедыю 1937-га году».

Для фолк-спявачкі Дзяды ўсцяж звязаныя з шанаваннем кроўных продкаў. Старадаўняя сямейная традыцыя з паганскімі забабонамі. Лічылася, што на Дзяды памерлыя наведваюць блізкіх і што іх трэба адпаведна сустракаць. У праваслаўных Змітраўскія Дзяды, ці асяніны, прыпадалі на памінальную суботу перад 8 лістапада. Людзі прыбіралі ў хатах і на могілках, наведвалі царкву, збіраліся за рытуальнай вячэрай.

«Рыхтавалі шмат розных страваў. У розных рэгіёнах было інакш – дзесьці цотная колькасць, дзесьці няцотная. Пад час самой вячэры быў асобны посуд для дзядоў – дзядоўская чарка і дзядоўская талерка, куды кожны з прысутных трошку ад кожнай стравы адкладаў».

Тысячы палітэмігрантаў сёлета пазбаўленыя магчымасці наведаць сваіх спачылых сваякоў, таму прыходзяць на месцы пахавання выбітных беларусаў.

«Гэта важна дзеля таго, каб задаволіць унутранае пачуццё гонару за сваю нацыю, пачуццё пашаны сваім продкам», – рэзюмуе Андрэй Шарэнда.

Памяць аб прашчурах з’яднала дыяспары ў розных кутках свету. На Дзяды ў Варшаве да шэсця ад помніка Тадэвушу Касцюшку далучыліся каля дзвюх соцень беларусаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»