Украіна ідзе ў NATO. А Беларусь?


Дзверы NATO адчыненыя. Заяўку Украіны аб уступленні ў Альянс ухвалілі Канада, Літва, Латвія і Эстонія. Калі Украіна ўвойдзе ў Альянс, то Беларусь будзе адзінаю краінаю рэгіёну па-за NATO. Ці варта і нам грукацца ў дзверы і ці адчыняцца яны калі-кольвек для Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Канада. Дзяржава, якая ўхваліла ўступленне Украіны ў NATO. Напярэдадні з ідэнтычнымі заявамі выступілі міністры замежных справаў Літоўскай Рэспублікі, Латвіі і Эстоніі:

«Балтыйскія сябры Украіны цалкам падтрымліваюць найхутчэйшае прыняцце Украіны ў NATO. Натхняльная смеласць Украіны можа толькі ўзмацніць наш альянс».

Пакуль Пуцін абвяшчаў анексію ўкраінскіх вобласцяў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў падае заяўку на ўступленне ў NATO:

«Мы робім свой вызначальны крок на ўступленне ў паскораным парадку ў NATO».

Генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Стольтэнбэрг адказаў, што прыняцце новых чальцоў патрабуе згоды ўсіх 30 краінаў. Але разам з тым:

«Кожная дэмакратыя ў Еўропе мае права падаць заяўку на ўступленне ў NATO. І чальцы NATO шануюць гэтае права. І мы сцвярджаем зноў і зноў, што дзверы NATO застаюцца адкрытымі».

Такім чынам, пад гэты крытэр падпадае і Беларусь, адразу пасля ўсталявання законнасці і дэмакратыі ў нашай краіне.

«Усе краіны рэгіёну да гэтага імкнуцца. Нават нейтральныя цяпер бачаць, як тая самая Фінляндыя і Швецыя, і ясна ад якой пагрозы», – звяртае ўвагу палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Нашая суседка Польшча ўступіла ў NATO яшчэ ў 1999-м, Літва і Латвія – у 2004-м. У Беларусі з часу аднаўлення незалежнасці нацыянальна-дэмакратычныя сілы, каб адысці ад Масквы, насуперак камуністам прапаноўвалі нейтралітэт. Сітуацыя змянілася ў красавіку 1996-га – акурат тады лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк публічна заявіў: нашае месца ў NATO.

«Мы разам з Пазняком заявілі, што ва ўмовах, калі Беларусь ужо ўцягнулі тады ў так званыя пагадненні аб беларуска-расейскай супольнасці і гэтак далей, рэальны курс Беларусі, беларускай дэмакратыі павінен быць менавіта на NATO, Беларусь павінная ўвайсці ў склад Паўночнаатлантычнага альянсу. З Еўразвязам там крыху іншая сітуацыя, можна было спрачацца. Наконт NATO сітуацыя нам падавалася ўжо тады адназначнай», – узгадвае дэпутат Вярхоўнага Савету (1990-1996), палітычны аглядальнік Радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

Вельмі часта расейская і лукашэнкаўская прапаганда малююць з NATO ворагаў. У тым ліку супрацьпастаўляючы Захад славянам. Забываючы пры гэтым, што абсалютная большасць славянскіх краінаў (Польшча, Чэхія, Славаччына, Славенія, Харватыя, Балгарыя, Чарнагорыя, Паўночная Македонія) уваходзіць у NATO, а не падалі заяўкі туды толькі Расея, Сербія і Беларусь пры Лукашэнку. У выпадку ж значнага аслаблення Масквы пытанне еўраатлантычнае інтэграцыі Менску можа зрабіцца надзённым.

«Мне здаецца, у Беларусі дастаткова хутка зменяцца і грамадскія настроі, і палітычная атмасфера, і ўступленне ў NATO будзе выглядаць зусім не фантастычным, а вельмі жаданым», – каментуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Без сяброўства Беларусі ў NATO вось гэты пояс, пачынаючы ад Балтыйскага да Чорнага мора, – ён ніколі не будзе поясам стабільнасці, калі Беларусь не будзе ўваходзіць у NATO», – дадае палітычны аглядальнік Радыё «Свабода» Сяргей Навумчык.

Але для таго каб стацца ўмацаваннем для поясу дэмакратыі, нашая краіна сама павінная спачатку зрабіцца дэмакратычнай – менавіта гэтая вымога поруч з вайсковай рэформай і ёсць ключавою перадумоваю для ўступлення ў Альянс.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»