Лукашэнка працягвае помсціць спартоўцам: затрыманы вядомы футбольны трэнер Васіль Хамутоўскі


У 2020 годзе Васіль Хамутоўскі падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў з заклікам спыніць гвалт у дачыненні мірных беларусаў ды вызваліць зняволеных. Цяпер жа спартовец сам рызыкуе апынуцца за кратамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гуляе ў хакей, рассякае па лыжні ды агулам выстаўляе сябе паспяховым спартоўцам. Лукашэнка любіць спорт, практычна як і ўладу. Для сваіх забаваў выбудаваў лядовыя палацы і ўладкаваў сына Віктара на цёплую пасаду – кіраваць Нацыянальным алімпійскім камітэтам.

А вось тым, хто сапраўды прыносіў нашай краіне залатыя медалі ды ствараў імідж, не змог дараваць выступу супраць гвалту сілавікоў.

«Мы разумелі, што так будзе, бо ў нашай суполцы шмат топавых спартоўцаў. Але, як казаў Зянон Пазняк, «Мордар павінен быць знішчаны», – зазаначае вольны спартовец, былы трэнер гандбольнага клубу «Віцязь» Канстанцін Якаўлеў.

З апошніх гучных сталася затрыманне былога футбаліста, а цяпер трэнера Васіля Хамутоўскага. У свой час ён гуляў у БАТЭ (Барысаў), выступаў за нацыянальную зборную. Змог пабудаваць кар’еру ў Нямеччыне, Румыніі, Расеі. Апошнім часам працаваў ва Украіне.

«Для яго праца была галоўная. І вельмі цяжка для яго было, што ён не можа прымяняць сваіх навыкаў у сваёй краіне, развіваць футбол у Беларусі. І таму ён ездзіў туды, куды запрашалі», – падкрэслівае сумленны спартовец, уладальнік міжнароднага дыплому «FAIR PLAY» за сумленную гульню Сцяпан Папоў.

На відэа, якое апублікавалі сілавікі, Васіль Хамутоўскі прызнаецца ва ўдзеле ў маршах пратэсту. За якія ў 2020 годзе ён ужо быў пакараны штрафам.

«Ён падпісаў ліст спартоўцаў, у якім нічога такога няма, што забараняе закон, ён адкрыта выйшаў, выказаў сваю пазіцыю. І апошні час ён толькі выязджаў з радзімы дзеля працы, для навучання. А ўсё ён рабіў удома», – распавядае Сцяпан Папоў.

Сімвалічнаю для рэжыму Лукашэнкі была дата затрымання – 30 верасня, Дзень спартовай салідарнасці.

«Два гады таму адбылося затрыманне Алены Леўчанкі, якая была пасаджаная за краты. Палічылі, што гэтая дата будзе самая выдатная», – тлумачыць Канстанцін Якаўлеў.

Сёлета на два гады калоніі быў асуджаны вядомы блогер і футбаліст Аляксандр Івулін. А напярэдадні сталася вядома, што Следчы камітэт Беларусі распачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні алімпійскай прызёркі і экс-кіраўніцы Фонду спартовай салідарнасці Аляксандры Герасімені. У віну ёй ставяць заклікі да санкцыяў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»