1 кастрычніка – Сусветны дзень кавы


Дзень кавы адзначаецца ў свеце. Выпіць філіжанку духмянага напою – звычайная штодзённая прывычка. Але не для ўсіх. Кавярні, добрая кава, ды проста нармальныя жыццёвыя радасці 655 дзён былі недаступныя зняволенай журналістцы «Белсату» Дар’і Чульцовай. Цяпер Даша – на волі і ўжо актыўна працуе. Яе першы рэпартаж пасля вызвалення – вашай увазе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Я не ўяўляю сваёй раніцы без кубка кавы. Сёння ў мяне нарэшце з’явілася магчымасць пакаштаваць сапраўднай кавы ад барысты…

У гэтай кавярні – 5 гатункаў, але барыста вырашыў мяне здзівіць.

Ува ўсім свеце людзі штодня выпіваюць два мільярды кубкаў кавы. Аналітыкі высветлілі, колькі трэба працаваць жыхарам розных краінаў свету, каб зарабіць на адно капучына. Напрыклад, швейцарцам – усяго 8 хвілінаў, беларусам – у чатыры разы даўжэй. Паводле гэтага паказніку, мы на 60-ым месцы, усім нашым суседзям кава абыходзіцца танней. Але неўзабаве ўжо ўсім аматарам кавы варта рыхтавацца да горшага: паводле прагнозаў навукоўцаў, пачынаецца «кававы калапс». Чакаюць нястачы бадзёрага напою праз зніжэнне запасаў кавы.

«У першую чаргу гэта звязана з наступствамі ковіду, яго эканамічнымі наступствамі», – патлумачыў эканаміст Аляксей Харкевіч. «У дадатак да гэтага – леташнія ўмовы надвор’я, якія неабходна ўлічваць і сёлета».

У Беларусі ж праз санкцыі кава становіцца ўсё менш даступнаю. Заўважылі гэта гледачы «Белсату». І распавялі пра гэта ў апытанцы:

«Нармальнай кавы сапраўды ўсё меней. А яшчэ расейскія фасоўшчыкі пачалі замяняць арабіку купажамі, у якіх пераважае рабуста. Пакуль што не зусім смецце, але хутка, здаецца, будзе менавіта яно».

«Знайдзіце групы ў Viber ці Telegram «тавары з Польшчы», і няма ніякіх праблемаў ні з каваю, ні з «Nivea».

«Купляю на «Куфары»

Ці не паспрыяе дэфіцыт кавы і рост коштаў змяншэнню яе спажывання? І як гэта адабʼецца на нашых любімых кавярнях?.. Аляксей Харкевіч лічыць, што нічога страшнага адбыцца не павінна:

«Бізнес добры, дастаткова прыбытковы. Бо кава – гэта напой, ад якога людзі не могуць адмовіцца. Гэта ў іх звычка, і яны гатовыя заплаціць любую суму, чаго б гэта ні каштавала. Таму гэта дастаткова прыбытковы бізнес. І, як любы прыбытковы бізнес, хацелася б, каб ён развіваўся ў краіне».

Пацвярджае меркаванне эканаміста і ўладальнік кавярні. Аляксандр Аўдзевіч, які праз пераслед у Беларусі быў вымушаны пераехаць, некалькі дзён таму адкрыў кавярню «Інклюзіўны барыста» у Варшаве. Ён сумняваецца, што будзе такое падаражэнне, што каву будуць піць менш, у разы менш. Але, магчыма, нехта не зможа дазволіць сабе піць яе так часта ці піць у нейкіх установах з высокім цэнавым парогам, – адзначыў ён.

Медыкі лічаць, што празмернае ўжыванне кавы сурʼёзна ўплывае на здароўе. Але ёсць і мноства станоўчых момантаў. Гэты напой месціць у сабе розныя арганічныя кіслоты, вітаміны і мінералы.

Дар’я Чульцова, «Белсат»