Як жывецца ў Беларусі сталым людзям і як яны ставяцца да ўлады?


1 кастрычніка ў свеце адзначаецца дзень сталых людзей. Лукашэнка ў сваім віншаванні назваў сталых людзей гарантам захавання міру і згоды ў краіне, а сацыяльную абарону сталых людзей – адным з галоўных кірункаў палітыкі. Як насамрэч жывецца сталым людзям у Беларусі, і як яны ставяцца да сітуацыі ў краіне?

Вядомы грамадскі актывіст Ян Грыб, шмат разоў затрыманы цягам апошняга года на мірных акцыях, менш як праз два месяцы адзначыць 85-годдзе. У Міжнародны дзень сталых людзей, як і ўчора і заўтра разам з іншымі актывістамі ён падпісвае віншавальныя паштоўкі тым, хто адзначае дзень народзінаў у турме.

«Вядома, хочацца іх павіншаваць падтрымаць, ім там не салодка, хоць так падтрымаць», – – кажа пенсіянерка Галіна, якая таксама падпісвае паштоўкі палітвязням.

Беларускія людзі сталага веку цягам апошняга года разбурылі стэрэатып пра пенсіянера, які, нібыта, заўжды падтрымлівае ўлады. Пенсіянеры актыўна ўдзельнічалі ў агульных маршах пратэсту і зладзілі ўласныя маршы. Падчас мірных акцыяў сталыя людзі адбівалі ў экіпіраваных сілавікоў моладзь і журналістаў. І да апошняга выходзілі на маршы, пакуль на іх не кінулі сілавікоў.

«Мы не прасілі грошай, мы не прасілі павялічыць пенсіі, мы прасілі даць нам нармальныя выбары, каб мы маглі выбіраць. Адпусціце незаконна пасаджаных людзей, нашыя дзеці і ўнукі маюць права жыць, маюць права мець сваё меркаванне, таксама, як і мы», кажа пенсіянерка Таццяна Зялко.

Hавiны
У 2022 годзе пенсіі беларусам будуць налічваць па-новаму
2021.08.30 12:16

Называючы пенсіянераў «апорай улады», Аляксандр Лукашэнка дэкларуе:

«Мы падвышаем пенсіі пры кожнай магчымасці. Пенсійныя выплаты перавышаюць 15 мільярдаў рублёў і складаюць 20 адсоткаў агульных выдаткаў бюджэту краіны – траціну!»

Сярэдняя пенсія ў краіне не дасягае і пяцісот рублёў (BR 484,9). Чыноўнікі не першы год спрабуюць падняць суадносіны сярэдняй пенсіі паводле ўзросту і сярэдняга заробку да сарака адсоткаў, але і гэтага паказніка дасягнуць ніяк не атрымліваецца. Рэальнасць паказвае, што сітуацыю, у якую трапілі ў Беларусі сталыя людзі, захады ўладаў ніяк не ратуюць.

«Гэтую падачку жабрацкую, якую ўлады горда называюць пенсіяй… Слухайце, каб яны паспрабавалі самі на гэтую пенсію пажыць… Гэта падачка жабрацкая… Яны праз два месяцы падохлі б. А мы неяк трываем, бо мы – трывалы народ», – кажа Ян Грыб.

Hавiны
У Беларусі рэкордна зменшылася колькасць пенсіянераў
2021.09.30 09:47

Колькасць асобаў, якія атрымліваюць пенсію, у жніўні склала 2 мільёны 425 тысячаў чалавек. Гэтая лічба скарачаецца з 2016-га года. Сёлета гэтае змяншэнне асабліва заўважнае – толькі за жнівень пенсіянераў у Беларусі стала амаль на 29,2 тысяч менш. За гэты ж перыяд летась скарачэнне было ў пяць разоў меншае, і склала 5,8 тысяч.

Сёння ў Беларусі актыўныя людзі сталага веку зазнаюць ператрусы, арышты і зняволенні, сплачваюць штрафы, якія шматкроць перавышаюць іхныя пенсіі, пішуць лісты палітвязням. Адзначаюць дзень сталых людзей:

«Людзі мае харошыя, мае паплечнікі беларускія і ўсе мае сябры, я вас віншую са святам, і каб вы ніколі не хварэлі, жывіце доўга і шчасліва ўсміхайцеся, наш час яшчэ будзе, і мы выйдзем на вуліцу з усмешкамі», – кажа Таццяна Зялко.

І вераць у новую Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»