Улады заклікаюць помсціць


Караць жорстка, бязлітасна і, цытата, мачыць у сарціры! Сёння падобныя заклікі даносіліся ад гарачых хаўруснікаў беларускага рэжыму і ад самога правадыра. У Менску пахавалі афіцэра «Альфы» Дзмітрыя Федасюка, які быў застрэлены падчас пранікнення ў кватэру, дзе жыў Андрэй Зельцар. Але бацькі застрэленага айцішніка дагэтуль не бачылі сынава цела і чакаюць сканчэння следства.

«Яны перайшлі чырвоную рысу», – так на пахаванні свайго супрацоўніка заявіў кіраўнік КДБ Іван Церцель. Смерць афіцэра «Альфы» Дзмітрыя Федасюка ён пракаментаваў упершыню за тры дні. З апанентамі ўлады Церцель паабяцаў дзейнічаць больш жорстка: «Рашуча, на апярэджанне, і абавязкова, каб гарантаваць страты сярод нашых супрацоўнікаў».

Былы кіраўнік беларускага Генштабу, а сёння дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў заклікаў адказваць на смерць сілавікоў расправамі: «Трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры, – за аднаго дваццаць, сто! Каб не было панадна нікому!»

Лукашэнка на пахаванне супрацоўніка КДБ не прыйшоў, але даслаў вянок. На паседжанні была абвешчаная хвіліна маўчання. Лукашэнка заявіў, што перастрэлка ў менскай кватэры, насуперак заявам КДБ, не была спецаперацыяй дзеля затрымання падазраванага ў тэрарызме. З ягоных словаў, элітнае падраздзяленне разам з міліцыяй праводзіла масавыя затрыманні апанентаў улады.

«Да другой гадзіны было затрымана нямала людзей. І гэтая кватэра таксама была ў плане – яшчэ некалькі адрасоў», – прамовіў Аляксандр Лукашэнка.

Без бронекамізэлек і касак, не гатовыя да ўзброенага адпору сілавікі, паводле Лукашэнкі, адлоўлівалі актывістаў «Рабочага руху» – ініцыятывы, якая рыхтавала стачку на заводах. Як заявілі дзяржаўныя СМІ, жыхар Менску Андрэй Зельцар у сваім жытле смяротна параніў спецназаўца стрэлам з паляўнічай стрэльбы. На наступны дзень праўладныя тэлеграм-каналы сталі публікаваць пакаянныя відэа тых, хто выказаў салідарнасць са стралком ці не спадабаўся ўладам з іншых прычынаў. Праваабаронцы паведамляюць пра 88 затрыманых.

«На наступны дзень пасля ягонага затрымання прыехалі з ператрусам у кватэру жонкі, шукалі выбуховыя рэчывы, боепрыпасы і зброю, натуральна, нічога такога не знайшлі. Папрасілі жонку, каб дала тэлефон на праверку, праверылі яе тэлефон, таксама нічога не знайшлі і з’ехалі», – распавяла сяброўка аднаго з затрыманых.

На масавыя затрыманні ўжо адрэагавала лідарка дэмакратычнага руху Святлана Ціханоўская: «Я так не хачу, каб зʼяўляліся новыя ахвяры, таму я лічу, што ў такі цяжкі момант мы павінны мабілізаваць міжнародную супольнасць».

Hавiны
Генерал Белаконеў прапанаваў забіць сто беларусаў у адказ на гібель працаўніка КДБ
2021.10.01 14:52

Кіраўнік верхняй палаты парламенту і бліжэйшая паплечніца Лукашэнкі Наталля Качанава на пахаванні супрацоўніка КДБ заклікала суайчыннікаў да яднання. Між тым, нашым гледачам з невядомых нумароў у тэлеграм прыходзяць паведамленні наступнага зместу:

«Калі вам вядомыя імёны, адрасы і іншыя ўстановачныя звесткі БЧБшнікаў, бытавых экстрэмістаў і латэнтных тэрарыстаў, факты іхнай злачыннай дзейнасці, вам трэба без прамаруджвання паведаміць праваахоўным органам. Добры тэрарыст – гэта своечасова ліквідаваны тэрарыст».

Тры тысячы адрасоў тых, хто паведамляў міліцыі аб удзельніках пратэстаў, ужо трапіла ў публічны доступ. Заклікі да даносаў і помсты, якія распаўсюджваюцца ўладамі, вядуць Беларусь да грамадзянскай вайны – папярэджвае гісторык Ігар Кузняцоў: «Праводзіцца планамерная кампанія для ўключэння ў гэты працэс не адзінак і дзясяткаў, якія былі, а соцень і тысяч людзей. Тут узнікае пытанне чыста правамернае пытанне: а хто такі тэрарыст? І што гэта за новая катэгорыя – тэрарыст БЧБ? А КЗ-тэрарысты ёсць? Напэўна, таксама ёсць!»

«Акрэсціна свабоднае» – арыштоўваць за каментары ў сацсетках заклікаў сёння і Лукашэнка. Тым часам блогер Антон Матолька заявіў, што ў Менску спалілі аўтамабіль старшыні Камітэту судовых экспертызаў Аляксея Волкава. Як паведамляецца, ён курыраваў справу Сяргея Ціханоўскага і іншых палітвязняў.

Аляксандр Папко, «Белсат»