На 2 грамадскія арганізацыі менш


Улады ліквідавалі Беларускі Хельсінкскі камітэт. Цяпер у краіне, відаць, не надоўга, засталася толькі «Прававая ініцыятыва», якая апошняй яшчэ афіцыйна займаецца абаронай правоў чалавека. Рашэнне аб ліквідацыі БХК напярэдадні прыняў Вярхоўны Суд на пазоў Міністэрства юстыцыі. Сёння той самы лёс напаткаў і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Беларускі Хельсінкскі камітэт нібыта заплаціў дзвюм асобам за назіранне за выбарамі. Гэткая падстава для ліквідацыі прагучала ў судзе. Копіі ж дакументаў узялі з іншай крымінальнай справы. Яны не атрымалі належнай юрыдычнай ацэнкі. У БХК іх назвалі фальшыўкай.

«Гэта пацверджанне адсутнасці сумленнага, незалежнага суда і працяг кампаніі па ліквідацыі незалежнага трэцяга сектару і ціск на праваабаронцаў, канечне», – пракаментаваў старшыня БХК Алег Гулак.

Беларускі Хельсінкскі камітэт быў створаны ў 1995 годзе. Арганізацыя бараніла правы грамадзянаў, разам з «Вясной» ладзіла назіранне за выбарамі ў межах кампаніі «Праваабаронцы за справядлівыя выбары». Гэтак цяпер адзіным зарэгістраваным у Беларусі аб’яднаннем у галіне абароны правоў чалавека застаецца «Прававая ініцыятыва». Што праўда, 5-га кастрычніка Вярхоўны Суд разгледзіць пазоў і аб яе ліквідацыі.

«Канечне, мы вымушаныя будзем зрабіць пэўныя карэктыроўкі нашай дзейнасці, але адназначна і дакладна мы працягнем нашую працу, бо гэта ўсё паказвае, што праца вельмі неабходная якраз цяпер», – адзначыў старшыня БХК Алег Гулак.

Не стала сёння адной з самых сталых творчых арганізацыяў Беларусі – Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Арганізацыя паўстала ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя, пры ўдзеле Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і іншых беларускіх літаратараў. На сёння СБЖ налічвае больш за 450 сябраў.

«Мы да апошняга спадзяваліся, што суд будзе справядлівым і законным, бо з нашага боку была прадстаўлена ўся аргументацыя што мы ніякіх законаў не парушалі, але на жаль суд не прыслухаўся да нашых тлумачэнняў да нашай аргументацыі», – адразу пасля агалошвання выраку сказаў старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Пра тое, якімі мусяць быць грамадскія арганізацыі ў Беларусі, сёння выказаўся Аляксандр Лукашэнка: «Настаў час прыняць закон і прапісаць, што нашая грамадзянская супольнасць – гэта не НДА, НКА і іншая дрэнь. А што ў нас ёсць грамадскія арганізацыі. І наўпрост прапісаць, якія. Што ў нас ёсць прафсаюзы, БРСМ, што ў нас ёсць ветэранскія, жаночыя арганізацыі. Тыя, якія паказалі, як сапраўдная грамадзянская супольнасць».

Масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў распачалася ў чэрвені. Яна закранула не толькі палітычныя партыі і праваабарончыя цэнтры, але і культурніцкія ды гістарычныя суполкі. Ініцыятарам перадачы позваў у суд выступала Міністэрства юстыцыі. Выйграць справу ці аспрэчыць рашэнне суда не ўдалося яшчэ ніводнаму грамадскаму абʼяднанню.

Ірына Карніенка, Белсат