Лукашэнка даў інтэрв’ю тэлеканалу CNN


Мяркуючы з абрыўкаў інтэрв’ю, якія зʼявіліся на праўладным тэлеграм-канале, у Мэт’ю Чанса ўдакладняльных пытанняў да Лукашэнкі не ўзнікла. Тым больш, што не заўсёды зразумела, жартуе ён ці кажа сурʼёзна.

«Што датычыць: Беларусь увойдзе ў склад Злучаных Штатаў Амерыкі, Вялікай Брытаніі ці Расеі – гэта абсалютнае глупства. Нядаўна я на гэтае пытанне таксама адказваў» – казаў у інтэрв’ю Лукашэнка.

А вось, што казаў Аляксандр Лукашэнка 10 верасня 2019 года: «Я абяцаю вам, што праз два гады Менск стане сталіцай Злучаных Штатаў Амерыкі».

І калі аб замене Вашынгтону Менскам Лукашэнка, відавочна, жартаваў, то ў пытаннях інтэграцыі з Расеяй у апошнія гады – не. Сёлета Лукашэнка і Пуцін узгаднілі ўсе 28 дарожных картаў. Дакументы прадугледжваюць уніфікацыю заканадаўства дзвюх краінаў, пабудову адзіных фінансавых і энергетычных рынкаў, транспартавай прасторы, правядзенне адзінай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі. Пры гэтым, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што гэта не кропка ў справе інтэграцыі дзвюх дзяржаваў.

«Інтэграцыя, вядома, будзе ўдасканальвацца, працягвацца ў тым выглядзе, які будзе найбольшым, найлепшым чынам адпавядаць інтарэсам дзвюх краін» – сцвярджае Дзмітрый Пяскоў.

Артыкулы
Лукашэнка заявіў, што яму няма за што прасіць прабачэння ў беларусаў, інфармацыю пра катаванні назваў фэйкамі
2021.10.01 11:12

Таксама Лукашэнка абвінаваціў ЗША ў тым, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой стварылі амерыканцы тым, што вывелі войскі з Афганістану.

«Яны не да нас ідуць. Яны ідуць да вас, таму што вы іх туды паклікалі. Навошта вы іх туды клікалі? Вы нядаўна публічна паклікалі афганцаў. І папрасілі цэнтральнаазіяцкія краіны былога СССР і Расею, каб яны ім дазволілі там спыніцца» – заявіў Лукашэнка.

Вось толькі мігранты, якія з Беларусі спрабуюць трапіць у ЕЗ, гэта не толькі не афганцы, але і іракцы, а таксама грамадзяне іншых краінаў. Ды і крызіс на мяжы ўспыхнуў задоўга да заканчэння вываду войскаў НАТО з Афганістану. Успыхнуў ён акурат пасля наступнай заявы Лукашэнкі ў парламенце Беларусі 26 траўня: «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў – цяпер будзеце самі іх есці і лавіць».

Усё гэта Аляксандр Лукашэнка нагаварыў менш чым за пяць хвілінаў інтэрвʼю. Поўную версію размовы амерыканскага журналіста з Лукашэнкам абяцаюць выпусціць у эфір у найбліжэйшыя дні.

Міхаіл Прановіч БЕЛСАТ