Лукашэнку ў лоб: «Большасць адмаўляецца слухаць праўладную інфармацыю»


Першы дзень восені і дзень ведаў! Ці вы ведалі, што бацькі маглі сёння ўзяць выходны, каб завесці дзяцей у школу і не прапусціць бацькоўскі сход? Прагуляць усе гэтыя афіцыйныя імпрэзы, і галоўнае – першы ўрок ад Аляксандра Лукашэнкі, заклікаў беларусаў кіраўнік НАУ Павел Латушка. Распавядаем пра адметнасці адкрытага ўроку і выбар, перад якім ставяць удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пасля летняга адпачынку энергічная дзятва запоўніла навучальныя класы. Наперадзе ў школьнікаў – больш за дзвесце навучальных дзён. Сёння пачалася першая – традыцыйна самая кароткая – чвэрць. І распачалася яна не са звонкай прамовы настаўніка, а з 4-гадзіннай лекцыі ад Аляксандра Лукашэнкі, які ў гэтым годзе і ў наступных вырашыў самастойна праводзіць першы ўрок. У «Дзень ведаў» ён прапанаваў маладым грамадзянам пісаць гісторыю «без войнаў, рэвалюцыяў і ўзрушэнняў». А ў канцы прамовы ўзмацніў гэты заклік, каб дзеці засвоілі:

«І калі нехта звонку ці знутры са зброяй у руках паспрабуе гэты курс зламаць, мы адкажам, як гэта было зусім нядаўна».

На ўроку, прысвечаным гістарычнай памяці, выявілася, што студэнты памятаюць пра крывавы і рэпрэсіўны адказ сілавікоў свайму народу. Студэнт БДУ Дзяніс Знак выказаў меркаванне:

«Пасля падзеяў 2020-га году, я думаю, што не памылюся, калі скажу так: большая частка народу Беларусі (заўв. «Белсат»: у гэтым месцы ў маладзёна «выключыўся» мікрафон) адмаўляецца слухаць нейкую, скажам так, праўладную інфармацыю».

Пасля Дзяніс запытаўся: «Што можна зрабіць дзеля ліквідацыі такой акалічнасці?» Але важнейшаю для Лукашэнкі аказалася прэамбула да пытання.

«Я не пагаджуся, што большасць, бо я лепш чым вы валодаю інфармацыяй», – запярэчыў Лукашэнка.

Сябра Грамадскага балонскага камітэту метадолаг Святлана Мацкевіч пад час канферэнцыі напярэдадні адзначыла, што дзяржава ўцягнула выкладчыкаў і навучэнцаў у палітычны канфлікт. У навучальных установах – міліцэйскі кантроль, камеры, ваенрукоў і большая колькасць ідэалагічных заняткаў. Дзяржсімвалы нязменнай улады і выкананне гімну сталі абавязковымі атрыбутамі першага школьнага дня.

«Цяпер адукацыя наўпрост разглядаецца, як палітычны інструмент развязання глабальных праблем», – лічыць Святлана Мацкевіч.

Гэта супрацьстаянне дыктатуры і дэмакратыі, правоў чалавека і бяспраўя, незалежнасці або паглынання. Работнікі галіны адукацыі вымушаныя вызначацца, на чыім яны баку, канстатуе метадолаг.

Настаўніца беларускай мовы Марына Хоміч навязаных ідэалагічных заняткаў не праводзіла:

«Не праводзіць гэтыя заняткі цалкам магчыма. Безумоўна, зараз, калі ў краіне столькі рэпрэсіяў і настаўнікі запалоханыя, яны не ведаюць, што так можна рабіць, не ведаюць, што яны сёння такія не адныя ў беларускіх школах».

Настаўнікі і выкладчыкі, якіх сістэма не «папрасіла» сама і якія не вытрымліваюць новых палітычных правілаў унутры навучальных установаў, звальняюцца.

«Мае знаёмыя, якіх лічу прафесіяналамі, таксама ўжо не выкладаюць у школах і ліцэі (ліцэі БДУ – заўв. Рэд). Яны сышлі цягам апошніх двух гадоў, будзем так лічыць», – распавёў выкладчык і кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Варакса.

Сыходзяць і вучні, паводле сямейнага рашэння. Некаторым удалося перайсці на дыстанцыйнае навучанне. Іншым – давялося змяніць краіну пражывання.

Унутры краіны ў новым навучальным годзе адкрыліся 2901 пачатковая і сярэдняя школы. За парты селі 1,085 млн навучэнцаў. З іх 115 тыс. – першакласнікі, якія трапляюць у ідэалагічныя рамкі з першага дня.

У навучальныя праграмы ўнеслі змены нібыта з улікам прапановаў педагогаў-практыкаў і ў сувязі з прыняццем новай рэдакцыі Канстытуцыі. Пад гэтыя праграмы абнавілі падручнікі.

«Улічаныя вынікі доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў, ступень задаволенасці настаўнікаў, вучняў і іх законных прадстаўнікоў якасцю вучэбных дапаможнікаў», – цвердзіць чыноўніца Ірына Каржова.

Дзе, кім і сярод каго праводзілася такая праверка – грамадскасці невядома.

Акадэмікі-апазіцыянеры, крытыкі ідэалагізацыі адукацыі абяцаюць, што да моманту падзення рэжыму падрыхтуюць рэформу сістэмы адукацыі Беларусі, якая пачнецца з люстрацыі.

«Акадэмічныя каштоўнасці звязаныя з акадэмічнай свабодай. І калі хтосьці звальняе па палітычных матывах выкладчыкаў ці выкідвае з ВНУ студэнтак і студэнтаў – гэта злачынства», – выказаўся старэйшы аналітык BISS Андрэй Лаўрухін.

Памятаць пра гэта варта і тым асобам, якія пасля адкрытага ўроку, хутчэй за ўсё, вырашаюць лёс студэнта, які не вельмі «зручна» для Лукашэнкі сфармуляваў сваё пытанне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»