Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў не прызнаў сваёй віны ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу

Працягваецца разгляд парадаксальнай справы аб змове дзеля захопу ўлады. Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які праходзіць адным з пяці падсудных у гэтым працэсе, не прызнаў віны ні ў адным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачання. На судзе, які праходзіць адкрыта, заўважна, як моцна схуднеў палітык за паўтара года зняволення. Сваякі паведамляюць: апроч анкалагічнай хваробы, у спадара Рыгора дадаліся іншыя праблемы са здароўем.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў не прызнаў сваёй віны ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу. Сёння адбылося другое паседжанне аднаго з самых абсурдных працэсаў рэжыму – у гэтак званай справе змоўнікаў. Дзевяць чалавек, з якіх пяцёра – пад вартаю, быццам рыхтавалі захоп улады і нават планавалі замах на Аляксандра Лукашэнку.

«Яны баяліся сюды ехаць пасля таго, як затрымалі некалькі групаў, якія сюды зброю звезлі і схавалі ў тайнікі. Яны з’ехалі ў Маскву. Хто там яшчэ… Там быў Фядута. Потым сталі шырэй глядзець – Кастусёў з’явіўся, у меншай ступені, ён у Маскве не быў, мы выйшлі на яго тут, і шэраг іншых», – расказваў пры «выкрытую змову» Аляксандр Лукашэнка.

Паводле дзяржаўнага абвінавачання, Рыгор Кастусёў нібыта дасягнуў таемнага пагаднення пра захоп улады неканстытуцыйным шляхам і пагадзіўся, што гэта можа быць здзейснена толькі гвалтоўным чынам. Як пішуць праўладныя медыі, на судзе палітык заявіў, што «не чуў, каб абмяркоўвалі пытанне захопу ўлады», а таксама ніколі не заклікаў да фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі.

«Ведаючы спадара Кастусёва асабіста, магу сказаць, што гэта цалкам надуманыя абвінавачанні, якія да постаці спадара Рыгора ніякіх адносінаў проста не маюць, – каментуе праваабаронца «Вясны» Алесь Буракоў. – Гэта не той чалавек, які праз нейкія гвалтоўныя брутальныя дзеянні спрабаваў бы перахапіць уладу».

Прысутныя на паседжаннях суда заўважылі: за ўжо паўтара года зняволення спадар Рыгор моцна схуднеў. Яшчэ ўвесну ў яго пацвердзілі анкалагічную хваробу, з’явіліся і іншыя праблемы са здароўем.

Паводле Змітра Антончыка, зяця Рыгора Кастусёва, дадаюцца яшчэ праблемы са зрокам: «Калі яго перавялі ў Амерыканку знаёміцца з матэрыяламі справы, там вельмі дрэннае асвятленне, і ён за гэты час добра падсадзіў зрок. Таксама ёсць праблема са спінаю, рабілі нейкія ўколы».

Дзякуючы ўколам, якія палітвязню перадаюць сваякі, сімптомы, што непакоілі яго пасля затрымання, зніклі. Зрэшты, анкалагічная хвароба засталася, але, паводле турэмных дактароў, рабіць аперацыю ў выпадку спадара Рыгора немэтазгодна. На судовым паседжанні – пішуць праўладныя СМІ – Рыгор Кастусёў прызнаўся, што ў звязку з хваробаю пісаў прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Але віны на судзе, як гэта зрабілі іншыя абвінавачваныя, не прызнаў – не прызнаў у кожным з пунктаў.

«Улады ўвогуле былі б радыя, каб усе тыя, каго яны хапаюць і абвінавачваюць, цалкам прызнавалі сваю віну, яшчэ і запісвалі “пакаянныя” відэа, – кажа Алесь Буракоў. – Я думаю, тут сыграла тое, што Рыгор Кастусёў – старшыня, напэўна, самай знакамітай партыі Беларусі, і на ім больш адказнасці, чым на іншых абвінавачваных».

Але на рашэнне суда, паводле Алеся Буракова, гэта наўрад ці неяк паўплывае: «Я ўпэўнены, што Рыгору Кастусёву, як і астатнім чальцам нібыта групоўкі, дадуць дастаткова вялікія тэрміны, на жаль».

Сваякі кажуць, што ілюзіяў пра «сапраўдны суд» не мае і Рыгор Кастусёў. Працэс працягнецца 2 жніўня.

«Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама