Якія грашовыя змены чакаюцца з пачаткам жніўня


Жнівень распачнецца для беларусаў шэрагам зменаў што да выплатаў і выдаткаў.

Гэтак, ад заўтра ўдвая – з 20-ці да 10-ці адсоткаў – зніжаецца памер стаўкі на дадатковую вартасць для асобных харчоў: гародніны, садавіны, дзіцячага харчавання і сокаў, распушчальнага печыва. Набываць іх стане танней.

«Гэтае змяншэнне аднаго з падаткаў радыкальна нічога не зменіць, таму што, ну колькі вы з’ясцё арэхаў? На мяса, на малочныя тавары, якія мы купляем штодня, на гэта падаткі застаюцца высокімі», – лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру МІЗЭСА Яраслаў Раманчук.

Зніжэнне падатку на дадатковую вартасць – толькі крок у адваротным кірунку. На пачатку года яго паказнік павялічвалі, каб забяспечыць большыя паступленні ў бюджэт ды стрымаць інфляцыю. Што праўда, чаканні не спраўдзіліся: інфляцыя дасягнула рэкорду за апошнія 10 гадоў і цяпер складае каля 10-ці адсоткаў у параўнанні з аналагічным перыядам летась.

Што ж да малочнае прадукцыі – у жніўні яна можа ўзрасці ў цэнах. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю дазволіла вытворцам адпусціць кошт на свой асартымент дзеля кампенсацыі выдаткаў на вытворчасць.

«Вытворцы не могуць умясціцца ў кошты пры росце коштаў на 0,2 адсотка, таму або ўрад кампенсуе страты для вытворцаў малочнай прадукцыі, або трэба даваць магчымасць павышаць цэны. Інакш проста будзе або зніжэнне вытворчасці, дэфіцыт, або будзе зніжэнне якасці», – кажа кіраўнік навукова-даследчага цэнтру МІЗЭСА Яраслаў Раманчук.

Планава ад заўтра павялічваецца таксама бюджэт пражыткавага мінімуму. Для беларусаў гэта азначае рост сацыяльных выплатаў і надбавак. Так, павялічацца пенсіі, грашовыя дапамогі для догляду дзяцей і асобаў з інваліднасцю. А вось медыкам улады перагледзяць у меншы бок надбаўку за працу, звязаную з каронавірусам. Ці адчуюць палёгку хаця б тыя катэгорыі грамадзянаў, што атрымаюць прыбаўку?

«Інфляцыйныя чаканні зноў – 20–22 адсоткі. Падставаў думаць, што ў другой палове 2021 года будзе зніжэнне інфляцыі, няма. Людзі чакаюць, што цэны вырастуць, вытворцы чакаюць, што цэны вырастуць, манапалісты не баяцца канкурэнцыі», – мяркуе кіраўнік навукова-даследчага цэнтру МІЗЭСА Яраслаў Раманчук.

Таксама ад заўтра платным стане мінанне аўтам наземнай мяжы на Віцебшчыне. Такім чынам, бясплатна мінуць мяжу цяпер можна толькі з Магілёўскай вобласці. Грошы ў бюджэт чыноўнікі шукаюць і старымі метадамі: са жніўня пачнуць аднаўляць гэтак званую базу дармаедаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»