Святлана Ціханоўская заканчвае свой двухтыднёвы візіт у ЗША


Святлана Ціханоўская заканчвае свой візіт у ЗША, які цягнуўся два тыдні, у Лос-Анджэлесе.

Усё распачалося ў Вашынгтоне, калі Святлана Ціханоўская сустрэлася з дыяспарай. Потым былі самыя высокія сустрэчы. Гэта сустрэча з дзяржаўным сакратаром у Дзярждэпартаменце, а таксама Белы дом, дзе Святлану Ціханоўскую прыняў дарадца прэзідэнта Джо Байдэна спадар Саліван. Таксама ў часе ўсіх гэтых сустрэчаў прысутнічала амбасадарка ЗША ў Беларусі спадарыня Джулі Фішэр. Таксама ў Вашынгтоне Святлана Ціханоўская сустрэлася з першай жанчынаю-дзяржсакратаром Мэдлен Олбрайт.

«Мы размаўлялі са Святланай праз Zoom раней і я вельмі цешуся шанцу пагаварыць з ёй асабіста. Па-сапраўднаму зразумець, тут у ЗША, што яна думае, і атрымаць шэраг адказаў. Я вельмі задаволеная магчымасцю пабачыцца з ёю. Я мяркую, што гэта цудоўная будучыня для людзей, якія па-сапраўднаму хочуць праявіць сябе ў імя дэмакратыі», – дзеліцца дзяржсакратар ЗША 1997–2001 гг. Мэдлен Олбрайт.

З Вашынгтону Святлана Ціханоўская накіравалася ў Нью-Ёрк, і тут была хваля крытыкі, бо не адбылося спаткання з прэзідэнтам Джо Байдэнам…Але раптам усё змянілася. Прэзідэнт Джо Байдэн пачуў галасы крытыкі, якія гаварылі праз амерыканскія выданні, тэлебачанне, а таксама галасы палітыкаў і, безумоўна, дыяспары. Бо мноства беларусаў гаварылі, што напісалі сотні петыцыяў у Белы дом пра тое, чаму прэзідэнт Байдэн не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. З Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская зноў прыляцела ў Вашынгтон, дзе ўрэшце сустрэлася з Джо Байдэнам.

«Ключавымі з’яўляюцца сустрэчы, на якіх вырашаецца будучая стратэгія ўзаемаадносінаў. Але, калі казаць пра знакі і сімвалы, то сустрэча з Байдэнам – гэта найвышэйшы пілатаж, тое, што нам было неабходна. Няхай хоць і тры хвіліны…», – аналізуе кіраўнік CREATIVE POLITICS HUB Мікалай Халезін.

Ужо з Вашынгтону ад прэзідэнта Байдэна Святлана Ціханоўская вярнулася да свайго графіку і прыляцела ў Сан-Францыска. У Крамянёвай даліне Святлана Ціханоўская сустракалася з праграмістамі, таксама з беларусамі-навукоўцамі, якія там працуюць. Апроч гэтага, прамовіла ў Стэнфардзе. Таксама сустрэлася і правяла перамовы з экс-дзяржсакратаром Кандалізаю Райс.

«Мы казалі пра тое, як Злучаныя Штаты адстойваюць і падтрымліваюць людзей, якія змагаюцца за свабоду. Размова сапраўды атрымалася цудоўная. Я падтрымліваю народ Беларусі ў яго спробах нарэшце адстаяць свае правы. Я аднойчы назвала Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы». І з таго часу прайшло ўжо шмат гадоў. Беларусы мусяць атрымаць свабоду!», – кажа экс-дзяржсакратар Кандаліза Райс.

Усё гэта завяршылася ў Сан-Францыска познім вечарам. Літаральна пасля сустрэчы з дыяспарай Святлана Ціханоўская накіравалася на лётнішча і прыляцела сюды, у Лос-Анджэлес. Дзе таксама: сустрэчы, інтэрвʼю.

Будзе Святлана Ціханоўская ў гарадской мэрыі. І сёння позна вечарам, калі будзе ноч у Беларусі (трэба памятаць, што ў нас 10 гадзінаў розніцы ў часе), тут адбудзецца сустрэча з дыяспарай. Тут, у Лос-Анджэлесе, візіт Святланы Ціханоўскай, які цягнецца два тыдні, завяршаецца. Завяршаецца і нашае амерыканскае падарожжа, у якім мы пільна сачылі за ўсім, што адбывалася. Як вы ведаеце, адбылося вельмі шмат, а нават і больш.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», Лос-Анджэлес