Украіна ўводзіць візавы рэжым для грамадзянаў Расейскай Федэрацыі


Скончыць з «русским миром» назаўжды. Украіна ад сёння ўводзіць візавы рэжым для грамадзянаў Расейскай Федэрацыі. Чаму ўкраінскія ўлады вырашыліся на падобны крок толькі цяпер?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рашэнне аб увядзенні візавага рэжыму з Расеяй украінскі Кабінет міністраў прыняў 17 чэрвеня, прызнаўшы, што двухбаковае пагадненне аб бязвізавых паездках ад 1997 года страціла моц.

Пачатак абмеркаванням паклала петыцыя на сайце ўкраінскага прэзідэнта, якая з’явілася за два тыдні да пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі. Хоць прапановы ўвесці візавы рэжым для расейцаў гучалі ў палітычных колах Украіны яшчэ ў 2014 годзе.

У той час Расея закрыла магчымасць выезду на тэрыторыю Украіны з Данецкай і Луганскай вобласці. І шлях праз Расею быў для жыхароў акупаваных тэрыторый адзінай «дарогай жыцця». Таму ў той час уводзіць візавы рэжым не мела сэнсу, каб не зрабіць яшчэ горш для гэтых людзей. Цяпер, калі мяжа зачынена і стала, фактычна, часткай фронту, можна вярнуцца да гэтага пытання», – кажа ўкраінскі палітолаг Алег Саакян.

Каб атрымаць украінскую візу, цяпер расейцам трэба будзе звярнуцца ў адзін з міжнародных візавых цэнтраў у 8 гарадах: Маскве, Санкт-Пецярбурзе, Екацярынбурзе, Калінінградзе, Казані, Новасібірску, Растове-на-Доне і Самары.

«Значнай плыні грамадзянаў Расеі зараз няма, але ўвядзенне візавага рэжыму дакладна дапаможа забяспечыць бяспеку Украіны. Мы будзем бачыць хто жадае ці спрабуе ўехаць у нашую краіну. Бо разгляд візавых унёскаў – гэта заўсёды праверка. Раней кантроль адбываўся толькі непасрэдна на памежных пунктах», – тлумачыць прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Разглядаць візавыя дакументы будуць украінскія дыпламатычныя ўстановы ў трэціх краінах. Расейцы, якія жывуць за мяжою, змогуць аформіць украінскія візы ў дзяржавах свайго побыту. Абавязковай умовай атрымання візы будзе наяўнасць запрашэння ад украінскага боку.

Прэтэндаваць на атрыманне візы не змогуць расейцы, уключаныя ў санкцыйныя спісы, а таксама тыя, хто, на думку ўкраінскага боку, пагражае нацыянальнай бяспецы Украіны. Напрыклад, расейскія журналісты, акторы, спевакі і дзеячы культуры, якія падтрымалі вайну.

«Вайна рана ці позна скончыцца. Але гэты крок не толькі сімвалічны.Гэта наша бяспека на будучыню. Расею чакаюць цяжкія часы і мусім быць гатовыя супрацьстаяць плыні міграцыі адтуль, тым мільёнам людзей, што пабягуць з Расеі ва Украіну і далей у Еўропу. Таму гэта такі крок на першы дзень пасля вайны», – падсумоўвае Алег Саакян.

Але нават наяўнасць візы не гарантуе, што яе ўладальнік зможа трапіць на тэрыторыю Украіны. Канчатковае рашэнне ў кожным канкрэтным выпадку будзе прымаць працаўнік дзяржаўнай памежнай службы.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»