У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ўручылі дыпломы выпускнікам 2022 года


Момант, да якога ішлі некалькі гадоў. Былі здачы і пераздачы, дзясяткі прачытаных кніг і сотні гадзінаў лекцыяў. Выпускнікі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту атрымалі доўгачаканыя дыпломы. Падзея яшчэ і сімвалічная: сёлета навучальнай установе 30 гадоў. Бо датай заснавання лічыцца 1992 год. І адбылося гэта ў Менску. Цяпер – у Вільні. Ажно тры з паловай тысячы адмыслоўцаў выпусціў ЕГУ за час існавання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ўручылі дыпломы выпускнікам 2022 года. Адукацыйная ўстанова сёлета адзначае 30-годдзе. У юбілейным годзе бакалаўраў і магістраў стане на 119 чалавек больш.

Вось што сказала Анастасія Радзівонава, якая выконвае абавязкі кіраўніка аддзелу камунікацыі і развіцця:

«Сённяшні выпуск ёсць юбілейным для ЕГУ. Сёлета мы адзначаем 30 гадоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Сённяшні выпуск – гэта 14-ы выпуск бакалаўраў і магістраў віленскага ЕГУ і 15-ы выпуск магістраў ЕГУ. Уласна кажучы, ужо 30 гадоў ЕГУ функцыянуе як у Менску, так і ў Вільні, таму сёння мы адзначаем такую юбілейную дату».

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, скарочана – ЕГУ, заснаваны ў 1992 годзе ў Менску. Ініцыятары праекту хацелі, каб ВНУ спрыяла адраджэнню ў Беларусі еўрапейскіх каштоўнасцяў. Аднак пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі ва ўстановы пачаліся праблемы. У выніку ЕГУ пазбавілі ліцэнзіі.

Вось што казаў Лукашэнка пра закрыццё ЕГУ ў 2004 годзе:

«Сваю эліту, будучае кіраўніцтва краіны мы будзем рыхтаваць самі, у беларускіх ВНУ, у тым ліку рэгіянальных. Але ціску на Беларусь мы не прымаем і не пацярпім ні на якіх кірунках і ні ў якім выглядзе».

Але на гэтым гісторыя ўніверсітэту не скончылася. ЕГУ пераехаў у Літву і дагэтуль працуе ў Вільні. Універсітэт аднавіў працу дзякуючы спрыянню ўладаў Літвы і міжнародных фондаў. Абсалютная большасць выпускнікоў – грамадзяне Беларусі. Навучанне адбываецца на беларускай, англійскай, расейскай і нямецкай мовах.

Выпускніца ЕГУ, Настасся Дубіна, распавяла пра свой досвед:

«Я вучылася на праграме «Еўрапейская спадчына». Выбрала гэтую праграму, бо першапачаткова хацела пераехаць у Еўропу, гэта было неўсвядомленае жаданне. З 7-га класу пачала шукаць альтэрнатыўныя праграмы, і ў 11-м класе мая настаўніца англійскай мовы параіла паступіць у ЕГУ, бо гэта дастаткова лёгка, дастаткова прадуктыўна. Плюс стыль і скіраванасць навучання падыходзяць мне, сказала настаўніца».

ЕГУ займае другое месца ў рэйтынгу прыватных універсітэтаў Літвы, нягледзячы на тое, што навучанне на літоўскай мове ў ім не вядзецца. Ёсць магчымасць і бясплатнага навучання. Універсітэт не толькі альтэрнатыва для беларускіх студэнтаў, але і асаблівы праект для літоўскага ўраду.

Жыгімантас Павілёніс, Старшыня сеймавай групы «За дэмакратычную Беларусь», узгадаў:

«Я памятаю сустрэчу з камісарам Фэрэра-Вальднэр адносна «Усходняга партнёрства», сустрэчу з маім міністрам, яна сказала: вы ведаеце, вось папрацавалі – цяпер гэта самы добры праект ува ўсім “Усходнім партнёрстве”, бо гэта інвестыцыя ў будучыню».

На фоне рэпрэсіяў у Беларусі шмат якія выкладчыкі і студэнты былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Нехта ў Польшчу, нехта ў Чэхію. Шмат хто пастанавіў працягнуць працу і вучобу ў адзінай беларускай ВНУ за мяжой – у ЕГУ.