«Смурод стаіць і гара костак ляжыць». Пад вёскай у Менскім раёне хтосьці скінуў у лес парэшткі кароваў


У прылеску пры гравейцы між вёскамі Яўхімова і Лебядзінец, што за 10 кіламетраў ад Менскай кальцавой дарогі, мясцовыя жыхары выявілі непрыемную знаходку – несанкцыянаваную звалку парэшткаў буйной рагатай жывёлы.

«Хадзіў з сабакам, вы мусіць чыталі, быццам бы да гэтага не было нічога, на наступны дзень пайшоў з сабакам і пабачыў: смурод стаіць, і гара костак ляжыць», – распавядае Анатоль, жыхар вёскі Яўхімова.

Пра жывёльныя адкіды нагадваў смурод, які асабліва моцна адчувалі ўладальнікі дамоў на ўскрайку вёскі Яўхімова.

Пра гэта распавяла жыхарка, якая адзінае, папрасіла: не здымаць яе на камеру.

«На мінулым тыдні, калі моцная спёка была, пару дзён моцны пах ішоў, костак такіх, нядобрых», – зазначыла жыхарка Яўхімова.

Паскардзілася жанчына і на дрэнны стан навакольных лясоў агулам – людзі папросту вывозяць туды бытавое смецце і адкіды жыццядзейнасці. Ейныя словы пацвярджаюць гэтыя кадры. Несанкцыянаваную звалку жывёльных парэшткаў у выніку зліквідавалі. Цяпер пра адкіды нагадваюць дзе-нідзе раскІданыя косткі і непрыемны пах ад свежага землянога насыпу. Па каментар аб сітуацыі ды пошуку магчымых вінаватых мы спрабавалі звярнуцца да старшыні Лугаслабодскага сельскага савету, аднак за тры дні слухаўку ніхто не зняў.

«У вёсцы нікога такога няма. Тым больш, відаць тудою праз гасцінец, як называецца дарога, паміж сабой мы так называем, заехаў. Гэта напэўна самазвал нейкі выкінуў і ўсё. А адкуль ён ехаў, хто ж яго ведае?», – кажа Анатоль.

Несанкцыянаваная звалка жывёльных парэшткаў пад вёскай Яўхімова – не адзіны падобны выпадак. Гэтак, працаўнікі фермы Петрыкаўскага раёну запісалі шакавальнае відэа з абыякавым стаўленнем да кароваў, сярод іншага зафіксавалі і прыхаваныя трупы жывёлінаў.

Утылізацыя парэшткаў жывёльнага паходжання мусіць адбывацца згодна з ветэрынарна-санітарнымі правіламі. Скідаць іх у водныя аб’екты, лясныя масівы ці не прызначаныя на гэта месцы – не дапускаецца. Небяспека несанкцыянаваных захаванняў у тым, што яны робяцца агменем інфекцыйных захворванняў жывёлін ці хваробаў у людзей, якія распаўсюджваюцца праз драпежнікаў і хатніх гадаванцаў. У 2013 годзе адкіды мёртвай жывёлы сталі адной з прычынаў хуткага распаўсюду афрыканскай чумы свіней.

«Гэта не проста небяспечна, я б сказаў, гэта крымінальная справа. Таму што захворванне можа пераходзіць ад адной жывёліны да іншай, яны могуць быць носьбітамі. Урэшце, мы можам зноў прыйсці да таго, што вялікую колькасць нявінных жывёлінаў даводзіцца знішчаць ні за што, праз нядбайнасць людзей», – падкрэслівае біёлаг-эколаг Аляксей Мухля.

Калі вы пабачылі звалку несанкцыянаваных адкідаў, парэшткаў быдла, эколагі раяць зафіксаваць яе на відэа і фота і неадкладна паведаміць у раённую інспекцыю Камітэту прыродных рэсурсаў і мясцовым уладам.

Марыля Дакуцька, «Белсат»