Санкцыі Еўразвязу ў адказ на пасадку самалёта


Еўразвяз рыхтуе санкцыі супраць кампаніі-манапаліста «Белавіа», у тым ліку адносна дзясятку беларускіх авіяцыйных чыноўнікаў.

Пасля санкцый супраць авіякампаніі ЕЗ плануе ўвесці эканамічныя санкцыі за прымусовую пасадку рэйса Афіны-Вільня, які разглядаецца выключна як паветранае пірацтва. Пра гэта са спасылкай на еўразвязаўскіх чыноўнікаў паведаміла агенцтва «Reuters».

Беларускае пытанне і ўвядзенне санкцыяў сёння разглядалі кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў і міністэрстваў абароны дзяржаваў блоку НАТО.

Следства ў справе былога рэдактара тэлеграм-каналу «Nexta» Рамана Пратасевіча і ягонай сяброўкі Соф’і Сапегі, якая назвала сябе ў паказаным па дзяржаўных тэлеканалах відэа рэдактаркай тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі» са звесткамі сілавікоў, будзе праходзіць у Беларусі. Пра гэта на нарадзе ў Палацы незалежнасці заявіў Аляксандр Лукашэнка:

«Гэта няўхільна. Аб гэтым я сказаў прэзідэнту Расеі. І мы дамовіліся, што другая персона – яна ж грамадзянка Расеі. Я запэўніў прэзідэнта Пуціна, што ніякіх не будзе пытанняў з доступам консулаў».

Захоп самалёту «Ryanair» 23-га траўня і арышт Рамана Пратасевіча і Софʼі Сапегі ўжо другі тыдзень выклікае жорсткую рэакцыю заходніх структураў. Увядзенне санкцыяў і абмежаванне доступу ў паветраную прастору для кампаніі «Белавія» сёння абмяркоўвалі кіраўнікі міністэрстваў замежных справаў і міністэрстваў абароны краінаў – чальцоў NATO. Напярэдадні Паўночна-атлантычны блок абмежаваў доступ беларускіх прадстаўнікоў у сваю штаб-кватэру.

«Мы рашуча асуджаем прымусовую пасадку грамадзянскага самалёта ў Менску. Мы заклікаем да незалежнага міжнароднага расследавання, і таксама цвёрда заяўляем, што гэта парушае не толькі міжнародныя законы і правілы, але і ёсць нападам на свабоду слова і свабоду незалежных медыяў», – заявіў генеральны NATO Енс Стольтэнбэрг.

Вызваліць Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу і правесці новыя выбары заклікалі падчас французска-нямецкай сустрэчы міністраў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

«Мы, безумоўна, асуджаем тое, што Лукашэнка робіць са сваёй грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй. Гэта ніякім чынам не адпавядае нашым стандартам і нашым поглядам. Гэта не акупіцца і ў доўгатэрміновай перспектыве, я ў гэтым упэўненая. І цяпер мы будзем рэалізоўваць санкцыі вельмі мэтанакіравана», – адзначыла Ангела Мэркель.

Беларускае пытанне будзе ўзнятае і на Радзе бяспекі ААН, паабяцала прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. З сённяшняга дня Эстонія старшынюе ў Радзе бяспекі ААН. Праз захоп самалёту ўлады Беларусі закранулі бяспеку грамадзянаў Еўразвязу і перайшлі мяжу трываласці заходніх структураў, лічыць палітолаг Вольга Харламава:

«Мы атрымалі рэакцыю менавіта на суму раздражняльнікаў, назапашаную стомленасць ад тых рашэнняў улады Беларусі, якія мы бачым апошнія 10 месяцаў».

3 чэрвеня пачынаюць дзейнічаць санкцыі ЗША супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў «Белнафтахіму». Пакуль, са словаў Лукашэнкі, Беларусь і Расея плануюць выпрацаваць супольную рэакцыю на заходнія санкцыі.

Ігар Станкевіч, «Белсат»