Крэдыт, нафта і газ: пра што дамовіўся Лукашэнка ў Сочы

Заробкі беларусаў упалі да ўзроўню 2011 года. І гэта ў рублях. Затое растуць запасы гатовай прадукцыі на складах. Аляксандр Лукашэнка кажа, што ў Маскве яму паабяцалі дапамагчы новым крэдытам, магчымай зніжкай на газ і пастаўкамі расейскай нафты.

Угнаенні, харчы, вакцыны… Больш за тры дзясяткі адзінак тэхнікі ад канцэрну «Амкадор» і больш за 20 адзінак – ад Менскага трактарнага заводу. Выстава «БелАгра» адкрылася ў дзень публікацыі статыстыкі пра справы прадпрыемстваў краіны: 1 красавіка на складах, у тым ліку МТЗ, ляжала прадукцыя на суму Br 5,6 млрд. Больш за палову складскіх запасаў – нерэалізаваныя дзяржпрадпрыемствамі.

Старэйшы фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб кажа:

«Мы такія запасы нарыхтавалі ў больш спакойныя часы. З наступленнем санкцыяў з боку ЗША і з боку Еўропы, відавочна, складскія запасы будуць толькі нарошчвацца».

Нарошчванне складскіх запасаў можа пацягнуць уніз памер айчыннага ВУПу. Чыноўнікі прапанавалі «раскідаць» нарыхтаванае, уключыўшы ў дамовы дзяржзакупкі.

«Гэта прадукцыя, да якой ёсць пытанні ці ў цане, ці ў якасці, ці попыце на прадукцыю. То бок яна можа быць увогуле нікому не патрэбная. Узнікае пытанне: калі дзяржава за бюджэтныя сродкі закупіць гэтую прадукцыю, куды яно потым гэтую прадукцыю падзене?» – разважае Вадзім Іосуб.

Яшчэ Br 6,172 млрд – не выплачаныя дзяржаве даўгі арганізацыяў. Няма продажаў – няма і годнай аплаты працы. Сярэдні заробак у красавіку склаў Br 1398. Гэта каля Br 1200 на рукі. Больш рэальныя даходы насельніцтва паказвае медыянны заробак, які на чвэрць ніжэйшы за сярэдні. Пасля аплаты падаткаў складае каля Br 900 на рукі. Гэта заробкі ў сталіцы. Так ці інакш, згодна з афіцыйнай статыстыкаю, заробкі беларусаў апусціліся ніжэй узроўню дэвальвацыйнага 2011 года. Жыхары Віцебску кажуць:

«Заробкі цяпер не растуць. Раней троху раслі, але цяпер становішча цяжкае».

«Выраслі прадукты харчавання, на мой погляд, моцна. Бо на астатняе я цяпер намагаюся проста не траціць».

«Мы сталі менш марнатраўнымі. Менш ходзім у кавярні. Менш дазваляем сабе падарожнічаць. Радзей рамантуем аўтамабіль».

Па выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў, што ўжо ў чэрвені Расея пералічыць Беларусі другі транш крэдыту памерам $ 500 млн.

Па словах Лукашэнкі, Масква таксама «паспрабуе дапамагчы» з цаною газ для Беларусі і дэкларуе бесперабойныя пастаўкі нафты ў патрэбным аб’ёме. Заявіў таксама, што адказ на заходнія санкцыі супраць Беларусі будзе сумесным з Расеяй.

Палітолаг Сяргей Нікалюк кажа:

«Працэсы так званага акуклівання ідэнтычныя як у Беларусі, гэтак і ў Расеі. Апошнія здарэнні, якія адбыліся ў Беларусі і абарона гэтых паводзінаў з боку Расеі дададуць Расеі нейкія новыя непрыемнасці, але нічога новага не ўнясе».

У кантэксце эканамічных санкцыяў Лукашэнка выказаўся пра інцыдэнт з прызнанай у свеце захопам пасадкаю самалёта ў Менску дзеля арышту апазіцыянера Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі.

Лукашэнка прасіў дапамогі Расеі з пералётамі Беларусаў у бок заходні:

«Пацярпелі нявінныя людзі, і мы мусім іх падтрымаць. Калі не з Менску, то з Масквы яны павінны мець права «Аэрафлотам» ці іншымі рэйсамі вылецець. Мы дамовіліся, што павялічым колькасць палётаў у Піцер».

Нацыянальны авіяперавознік «Белавія» праз гэты скандал згубіў 12 напрамкаў. Засталося 9 – з усходняга боку.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама