У Першамай не да свята труда


«Мір. Труд. Май». Добра знаёмы старэйшаму пакаленню слоган першага траўня 2022 года ў постсавецкіх краінах выглядае даволі гратэскна. Май ёсць, а ні міру, а ні абароненага труду няма. Расея напала на Украіну і знішчае яе індустрыальную інфраструтуру, выкрадае сельскагаспадарчую тэхніку і збожжа. У Беларусі ж працягваюцца беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў.

Намесніца старшыні СПБ і сябра рады БКДП Марыя Тардзецкая кажа:

«Надыходзіць эканамічны крызіс, мы ўсё гэта выдатна разумеем. Вось, калі ласка, межы адкрылі, усе каму не падабаецца можаце смела пакідаць краіну, прафсаюзы таксама вам не дапамогуць. Па сутнасці гэта праца прапаганды, пераканаць нас, што нічога не працуе».

Беларускім незалежным прафсаюзам ніколі не давалі функцыянаваць спакойна, але з 19 красавіка сёлета пачалася асаблівая гісторыя. Прыйшлі ў офісы і кватэры чальцоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Свабоднага саюзу металістаў. Незалежныя прафсаюзныя арганізацыі па ўсёй Беларусі прызнаюць экстрэмісцкімі. Затрыманыя Аляксей Еўдакімчык, Генадзь Фядыніч, Ірына Бут-Гусаім, Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч ды іншыя прафсаюзныя лідары і актывісты.

«Нягледзячы на тое, што базавыя правы на свабоду, на страйк, на працу парушаныя – я лічу, што можна і трэба свае правы адстойваць хоць бы перад працадаўцам, хаця б на прадмет вывучэння кантрактаў, калектыўных дамоваў, заяваў. Працоўны калектыў можа арганізоўвацца», – кажа Марыя Тардзецкая.

З гэтым згодная і юрыстка-міжнародніца Марыя Жарылоўская, яна заклікае працоўных адстойваць свае правы ў тым ліку і на міжнародным узроўні. І нават калі рэзультату не будзе адразу, з часам такая барацьба абавязкова дасць свой плён.

У Міжнародны дзень працоўных у шмат якіх краінах праходзяць акцыі салідарнасці з беларускімі прафсаюзамі і працоўнымі. Звычайныя людзі, прафсаюзныя актывісты ды палітыкі абураныя рэпрэсіямі і затрыманнямі ў Беларусі і патрабуюць выконваць правы працоўных у нашай краіне. Між тым свае акцыі сёння правялі і прадстаўнікі так званых афіцыйных прафсаюзаў Беларусі. Пра дзейнасць гэтых утварэнняў часта можна пачуць гісторыі, звязаныя з пратэрмінаванай прадукцыяй, якую яны з розных нагодаў уручаюць працоўным, пастаяннымі зборамі грошай, суботнікамі дый стоадсоткавым згодніцтвам з генеральнай лініяй рэжыму. Але ці здольныя яны сапраўды абараняць правы работнікаў?

«Мне падаецца, што вынік дзейнасці любога прафзвязу ва ўмовах працы. Дык вось, калі паглядзець на ўмовы працы, якія мы на сённяшні дзень маем у Беларусі, мне здаецца мы можам відавочна аб‘ектыўныя высновы рабіць наконт працы ФПБ».

Асноўнаю мэтаю большасці прафсаюзаў ува ўсім свеце ёсць выяўленне, выражэнне, рэалізацыя і абарона правоў і прафесійных інтарэсаў працоўных. У заходніх краінах прафсаюзы ёсць рэальнай сілай, здольнай да арганізацыі і рэалізацыі маштабных страйкаў, грамадскіх акцыяў, нават сур’ёзнага ўплыву на палітычныя працэсы. У Беларусі ж, як бачым, усё яшчэ дзее даўні крылаты выраз аднаго персанажа: «Я сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павяду».

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»