Спужаліся санкцыяў? Праўладныя прафсаюзы звезлі аўтобусы пад амбасаду ЗША


Спачатку ўлады максімальна накалялі адносіны з ЗША – працягвалі раскручваць рэпрэсіі, не пусцілі ў Беларусь амбасадарку і нават звінавацілі Штаты ў спробе забойства Лукашэнкі. Цяпер праўладныя арганізацыі патрабуюць адмяніць санкцыі. У цэнтры Менску сабралі мітынг, са сцягамі і мегафонам, які ніхто не разганяў. А вось незалежным прафсаюзам у Дзень салідарнасці працоўных сабрацца не дазволілі, нібыта, праз неспрыяльную эпідэміялагічную абстаноўку.

Больш за 10 аўтобусаў з мітынгоўцамі сёння арганізавана пад’ехала да амбасады ЗША. У руках людзі трымалі сінія сцягі арганізатара – праўладнай федэрацыі прафсаюзаў, а таксама чырвона-зялёныя палотнішчы.

«Гэта канверт падпісаны на адміністрацыю прэзідэнта Амерыкі. Я цяпер у вашай прысутнасці яго пайду дашлю, каб яны яго прачыталі і пабачылі яшчэ раз нашыя патрабаванні», – заявіў старшыня федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, перадаўшы петыцыю ў будку ля амбасады, дзе сядзіць ахоўнік – беларускі міліцыянт.

«Я не думаю, што амерыканская амбасада, амерыканскі ўрад прыслухаюцца да патрабаванняў, якія гучалі на мітынгу, бо ЗША добра разумеюць сітуацыю ў Беларусі», – мяркуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Мітынг пад дыпламатычным прадстаўніцтвам доўжыўся каля 20 хвілінаў. Выступіў на ім чалавек, які назваў сябе спартовым інструктарам з «Нафтану»:

«У мяне 6 тысяч чалавек, якія займаюцца спортам. І калі атрымаецца так, што ўвядуць гэтыя санкцыі, і людзі страцяць працу, то працу страчу і я».

Паводле нашай інфармацыі, большасць людзей, якіх звезлі на мітынг, да апошняга трымалі ў няведанні, куды і навошта іх сабралі.

«Тое, што санкцыі ды іх шкода прывядуць да звальнення рабочых, нагадвае анекдот: калі бацьку звольнілі з працы, то гэта не ён будзе меней піць, а дзеці будуць меней есці. Таму што можна было б скарачаць сілавы апарат, чыноўніцкі апарат», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Але акурат на «Нафтане» і без таго звальняюць людзей. У тым ліку – за грамадзянскую пазіцыю. Найбольш гучныя прыклады – звальненне дзевяціразовага чэмпіёна свету ў кікбоксінгу Сяргея Скібы, а таксама Вольгі Брыцікавай, якая ў жніўні адважна выступала перад Іванам Церцелем. Гаворыць Юры Рававы, сустаршыня стачкаму «Горадня Азот»

«Сапраўды, на «Нафтане» ўжо звольнена і без санкцыяў шмат людзей. І, як мы ведаем, «Нафтан» шукае нейкую кансалтынгавую кампанію, якая дапаможа звольніць людзей, знайсці месца для аптымізацыі. І за гэта «Нафтан» гатовы заплаціць паўтара мільёна еўраў».

«Беларуская эканоміка ў вельмі цяжкім стане сама сабою. І гэта, магчыма, спроба ўзваліць на амерыканскія санкцыі віну за тыя эканамічныя праблемы, у якія Беларусь пагружаецца ў апошнія дзесяцігоддзі», – эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Адметна, што Лукашэнка і ягоныя падначаленыя не імкнуліся перадухіліць увядзенне санкцыяў, а наадварот абвастралі становішча. Рэпрэсіі ды катаванні працягваліся, да таго ж з дзяржаўных тэлеканалаў прагучалі абвінавачванні ў датычнасці ЗША да плану замаху на Лукашэнку. Цяпер жа праўладныя арганізацыі патрабуюць скасаваць санкцыі.

«Логікі шукаць увогуле не выпадае. Прапаганда не працуе па лагічных схемах», – зазначае палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Незалежным прафсаюзам сёння сабрацца нідзе не дазволілі – нібыта праз эпідэміялагічнае становішча. Рабочыя ж рыхтуюцца абароняць свае правы праз нацыянальны страйк. У «Тэлеграме» працягваюць ствараць рэкамендаваную Святланай Ціханоўскай платформу «Рабочы рух».

«За паўтара тыдні зарэгістравалася 14 тысячаў асобаў, якія пазначаюць сваё месца працы, сваё прадпрыемства».

Паводле Юрыя Рававога – гэта апошні нявычарпаны механізм мірнага пратэсту. Але для гэтага людзі мусяць падрыхтавацца.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»