1 траўня. Бывае не да правоў працоўных


Гарадзенка, маці дваіх дзяцей Любоў Сарлай шмат гадоў працавала аператаркаю на «Белпошце». Сёлета ў сакавіку жанчына толькі выйшла з дэкрэтнага адпачынку, а ўжо праз месяц яе звольнілі за прагул без уважлівых прычынаў.

«Бліжэй да 25-га я напісала заяву за свой кошт на адзін дзень і даслала кіраўніцтву. Тады мне пазванілі і сказалі: «Абірай любы іншы дзень, хоць 2-га, хоць 3-га, але не 25-га». Ну, а навошта мне іншы, калі мне быў патрэбны менавіта гэты дзень?», – кажа жыхарка Горадні Любоў Сарлай.

Дысцыплінарнага спагнання за нявыхад на працу не было. Звольніцца Любоў пастанавіла самая, бо яе адмовіліся пераводзіць у іншае аддзяленне «Белпошты».

«Я напісала ўжо заяву на згоду бакоў, дырэктар адмовіўся, напісаў – на згоду адмовіць і звольніць паводле артыкулу. У жніўні яшчэ дырэктар казаў, што не дай божа я кагосьці там убачу на мітынгу ці даведаюся, тады адразу – звальненне», – узгадвае Любоў Сарлай.

Пра Любоў Сарлай даведалася ўся Беларусь, калі суд Ленінскага раёну Горадні аштрафаваў яе за бел-чырвона-белыя лампасы на нагавіцах. Гарадзенская міліцыя неаднойчы затрымлівала Любоў, але ўсё гэта адбывалася падчас ейнага дэкрэтнага адпачынку і таму ніяк не магло адбіцца на працы.

«Адметнай рысай сённяшняга «першамаю» з’яўляецца тое, чаго не было раней: сярод рабочых вельмі многа людзей звальняецца з палітычных матываў, ёсць тыя людзі, хто быў вымушаны зʼехаць за межы нашае краіны», – лічыць кіраўнік Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Што да аплаты працы – для тых, хто застаўся ў Беларусі, сітуацыя наступная. Згодна з Белстатам, сярэднія заробкі ў Беларусі ў сакавіку выраслі, а дагэтуль падалі 2 месяцы. У лідарах – сталіца. У рэгіёнах жа рост сярэдніх заробкаў зафіксавалі толькі ў 10 раёнах. Пры гэтым выплаты працягнулі падаць на 100–200 рублёў у сярэднім яшчэ больш як у 20 раёнах. Менш за астатніх атрымліваюць жыхары Шаркаўшчынскага, Кармянскага, Мсціслаўскага, Круглянскага і Веткаўскага раёнаў. У лідарах паводле заробкаў апынуліся Салігорскі, Менскі, Дзяржынскі, Рэчыцкі і Светлагорскі раёны.

«Замест таго каб чуць патрабаванні з вуснаў працоўных да ўладаў, сацыяльна-эканамічныя патрабаванні, якія датычаць і ўмоваў працы, і заробкаў, і ўсяго астатняга, мы чуем звычайна, як добра, як хораша жывецца», – кажа Аляксандр Ярашук.

Ці задаволеныя людзі ўмовамі працы і заробкамі, мы запыталіся на вуліцах Берасця:

«Я беспрацоўны і жонка ў дэкрэце, але, ведаючы людзей, скажу, што ўсе ў прынцыпе вельмі не задаволеныя – заробкі падаюць, а кошты растуць».

«Мяне ў прынцыпе ўсё задавальняе, таму скардзіцца няма на што».

«Мяне пакуль усё задавальняе, я нармальна працую, але я ведаю, што многія пакутуюць у сённяшняй сітуацыі».

«Уладкавалася на працу. Да гэтага сядзела без працы». – «Наколькі цяжка знайсці працу?» – «Вельмі цяжка – 5 гадоў шукала».

Для тых, хто з нейкіх прычынаў застаўся без працы, дзяржава падрыхтавала падарунак. З 1 траўня беспрацоўныя беларусы будуць аплочваць ацяпленне і газ паводле поўных тарыфаў. А гэта ў 5 разоў вышэй, чым для звычайных грамадзянаў.

Ірына Карніенка, «Белсат»