«Cпроба прадэманстраваць, што кожны пад кантролем». За зліў размовы пагражае да 20 год зняволення


На дзяржаўным беларускім тэлебачанні выйшаў фільм «Аперацыя КДБ «Манкурты» пра злівы інфармацыі ад супрацоўнікаў дзяржструктур, КДБ і Генштабу.

З размовы прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і старшыні Федэрацыі хакею Дзмітрыя Баскава сталі вядомыя падрабязнасці смерці Рамана Бандарэнкі. Паводле фільму АНТ «Аперацыя КДБ «Манкурты», аўдыёзапіс зліў падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч, пасля чаго яму прапанавалі ўдзельнічаць у адмысловай аперацыі для выкрыцця шляхоў выезду з Беларусі асобаў, якім пагражае небяспека з боку ўладаў. З фільму вынікае, што ён яшчэ раз звязаўся са Сцяпанам Пуцілам і прапанаваў новую інфармацыю ў абмен на бяспечны выезд з краіны, які нібыта арганізаваў былы супрацоўнік «Алмазу» Ігар Макар.

Сцяпан Пуціла і Ігар Макар пакуль не пракаментавалі фільм. Паводле АНТ, у аперацыі вывазу Храловіча былі задзеяныя яшчэ 5 асобаў – Вячаслаў Сідаракін, Юрый Гаркач, Сяргей Старчанка, Уладзімір Трыфонаў і Вольга Саламенік.

«Гэта спроба прадэманстраваць не толькі вонкаваму колу, не толькі пратэстоўцам, не толькі на замежжа, але ў тым ліку і сваім. У тым ліку і супрацоўнікам праваахоўных органаў, у тым ліку чыноўнікам, у тым ліку настаўнікам, што кожны з іх пад кантролем», – акрэсліла мэту фільма палітолаг Вольга Харламава.

Цяпер Аляксей Храловіч арыштаваны і абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе, за што пагражае да 20-ці гадоў зняволення.

«У нас размова нейкіх асобаў ёсць дзяржаўным сакрэтам? Ну нібыта асобы, якія ўдзельнічаюць у гэтай размове, не ёсць штатнымі супрацоўнікамі ані КДБ, ані замежнай выведкі. Пакуль мы не бачым, у чым канкрэтны склад злачынства, у якім чалавек абвінавачаны, цяжка разважаць на тую тэму, ці сапраўды законныя абвінавачанні», – тлумачыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

З фільму даведваемся, што такое ж абвінавачанне мае і капітан Генштабу Дзяніс Урад за тое, што сфатаграфаваў і даслаў ліст міністра ўнутраных справаў міністру абароны меркавана пра ахову будынкаў сілавых установаў на Дзень Волі.

«З аднаго боку, так, ёсць дакумент са штампам «сакрэтна», ён фармальна падпадае пад дзяржаўны сакрэт. Сакрэтнасць гэтага дакументу выкліканая не тым, што яго апублікаванне можа нашкодзіць дзяржаўнай бяспецы. А сакрэтнасць гэтага дакументу, відаць, выкліканая тым, што яго змест парушае закон Беларусі», – лічыць Міхаіл Кірылюк.

Гэта чарговы выкрывальніцкі фільм ад дзяржаўных прапагандыстаў, але ці ёсць да іх давер? Паразважалі жыхары Віцебску.

«Не веру ёй, прапагандзе».

«На мяне гэта не ўплывае, таму што ў мяне ўжо сфармуляваныя некаторыя палітычныя погляды».

«Калі пачынаць пра гэта думаць, калі пачынаць слухаць, што там кажацца – гэта поўны трэш».

Наш эксперт лічыць, што тых, хто зліваў звесткі, выкрылі праз сацыяльны метад, калі доступ да інфармацыі мела абмежаванае кола, і кожнага пачынаюць адсочваць.

«Калі падыходзіць з розумам і не пакідаць такіх сацыяльных слядоў, то адсачыць такую дзейнасць даволі цяжка», – лічыць IT-блогер Сяргей Лаўрыненка.

Паводле эксперта, існуюць і метады адсочвання праз інтэрнэт, але гэтаму запабягае VPN, максімальная ананімнасць у «Тэлеграме» і высылка інфармацыі з замежнай сім-карты.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат».