Вырак за павешанае пудзіла, прысуд для сясцёр Міронцавых. Першае красавіка ў беларускіх судах

Сёння ў беларускіх судах агучылі выракі за павешанае пудзіла Лукашэнкі і за нібыта «актыўны ўдзел у беспарадках». А ў судзе Менскага раёну пачаўся працэс за захоўванне ў кватэры кнігі Зміцера Лукашука «Беларуская нацыянальная ідэя».

Калі б не выракі, то чым не эпізод чорнага гумару да 1-га красавіка. За гэтае пудзіла Аляксандра Лукашэнкі, павешанае ў кастрычніку ў Берасці – тры гады «хатняй хіміі» прысудзіла Інна Клышпач палітвязням Вользе Завадскай і Юліі Бодак і тры гады калоніі-пасялення Андрэю Коласу.

Праваабаронца Раман Кісляк пракаментаваў:

«Я не пабачыў у судзе таго ў чым вінавацяць – асаблівага цынізму. Лічу, што далі празмерна строгае пакаранне за такія дзеянні. Відавочна, што ўлады выкарыстоўваюць гэта ўсё, як махавік рэпрэсіяў».

У Менску працягваўся працэс супраць 21-гадовай Аляксандры Патрасаевай, якой пагражала 8 гадоў зняволення за дапамогу параненым у першыя дні пратэстаў. Амапаўцы жорстка збілі дзяўчыну пры затрыманні 10-га жніўня. У аўтазаку пагражалі згвалтаваннем і абражалі, казалі:

«Не заслугоўваю жыцця… Такіх як я трэба забіваць, гвалціць, саджаць, а лепш такіх не нараджаць, а рабіць аборт, як мне казалі ў аўтазаку», – распавядала дзяўчына пасля вызвалення.

На Акрэсціна наглядніца змушала распранацца, станавіцца на расцяжку і збівала. Пасля медычнага агляду лекары сказалі што надрывы звязак мае па ўсім целе, таму не абышлося без кастылёў і гіпсу.

Сёння ў судзе справу Аляксандры перакваліфікавалі і абвінаваўца запрасіў у суддзі Вольгі Малашэнкі лягчэйшага пакарання.

Маргарыта Жалняровіч, сяброўка палітзняволенай, не магла стрымаць слёз:

«Сашу маюць вызваліць на 2 дня шостага красавіка, я так разумею, і даць ёй тры гады хатняй хіміі, а што там далей будзе – я не ведаю».

1-га красавіка суддзя Аляксандр Воўк пакараў двума і двума з паловаю гадамі зняволення сясцёр Анастасію і Вікторыю Міронцавых. Дзяўчат вінавацілі ў масавых беспарадках і прымяненні гвалту да сілавікоў.

Сястра асуджаных Вераніка Міронцава, заявіла:

«Мы ў цэлым цікавіліся як праходзяць суды па гэтых справах, і нейкай асаблівай надзеі не было. Але ўчора пасля выступу ўсіх адвакатаў з аргументацыяй – што і за што можа ім пагражаць – справа цягнула максімум на адміністратыўную».

Ня зважаючы на недаказанасць у судзе вінаватасці дзяўчат, суддзя падтрымаў запрос пракурора на жорсткі тэрмін. Такая сінхранізацыя ўжо зрабілася правілам у палітычных працэсах апошніх месяцаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Глядзі таксама