«Могуць быць праблемы з працай на міжнародных рынках». Аднаўленне санкцый ЗША супраць беларускіх прадпрыемстваў


Новая спроба прымусіць Лукашэнку да дыялогу: Злучаныя Штаты Амерыкі анансавалі вяртанне санкцыяў супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, калі ўлады нашае краіны не выпусцяць усіх палітвязняў. Ці акажа гэта ціск на рэжым ды якія наступствы прынясе для эканомікі?

Санкцыі Злучаных Штатаў Амерыкі супраць дзевяці беларускіх прадпрыемстваў будуць адноўленыя, калі беларускі рэжым у найбліжэйшым часе не вызваліць усіх палітычных вязняў – заявілі ў Дзярждэпартаменце ЗША.

Гаворка ідзе пра кампаніі «Белнафтахім» і «Белнафтахім ЗША», «Нафтан», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белшына», «Горадня Азот», «Горадняхімвалакно», Адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Лакафарба» і «Полацк-Шкловалакно».

Аднаўленне санкцыяў будзе азначаць, што прадпрыемствам i грамадзянам ЗША будзе забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасць і рахункі, якія месцяцца на тэрыторыі краіны, будуць замарожаныя.

«Гэта адназначна пагаршае магчымасці для дзейнасці не толькі на рынку ЗША, але і па ўсім свеце. Наяўнасць санкцый – гэта такі маркер, што могуць быць праблемы. Могуць быць праблемы з фінансавымі інстытуцыямі, з працай на міжнародных рынках», – распавядае палітолаг Андрэй Казакевіч.

Вашынгтон увёў санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і службовых асобаў пасля выбараў 2006 года. Аднак у 2015-м іх дзеянне было прыпыненае ў сувязі з (цытата) «пэўным прагрэсам у сферы дэмакратыі і правоў чалавека». Рашэнне аб замарожванні санкцыяў працягвалася амерыканскімі ўладамі штогод. Дзеянне апошняга заканчваецца 26-га красавіка.

«Мы заклікаем улады Беларусі выканаць крокі, якія б дазволілі нам не ўводзіць санкцыяў, перадусім – вызваліць усіх палітзняволеных. Рэжым Лукашэнкі ўся яшчэ ў стане выканаць гэтыя неабходныя крокі, каб змяніць курс», – заявіў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс.

Улады Беларусі са свайго боку прыгразілі заходнім краінам санкцыямі ў адказ. Указ Лукашэнкі аб контрсанкцыях забараняе ўвоз некаторых тавараў ды імпарт паслугаў з краінаў Захаду. Спіс такіх тавараў мусіць вызначыць Савет Міністраў.

«Беларускія ўлады ўжо працяглы час відавочна спрабуюць не дапусціць дэвальвацыі і разгону інфляцыі. Шляхам высокіх ставак і гэтак далей. І паміж іншага шляхам абмежавання імпарту. І гэта спроба Лукашэнкі звязаць палітычны PR-крок з тымі эканамічнымі захадамі, якія яму падаюцца слушнымі для спынення дэвальвацыі», кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

За фальсіфікацыю выбараў ды жорсткае падаўленне мірнага пратэсту раней Злучаныя Штаты ўвялі візавыя абмежаванні ў дачыненні 43 беларускіх службовых асобаў. Еўрапейскі Звяз ухваліў ужо 3 санкцыйныя пакеты, пад якія трапілі Аляксандр Лукашэнка, больш за 80 службоўцаў і сілавікоў, а таксама 7 арганізацыяў і прадпрыемстваў. Асобна пашыраныя санкцыі супраць беларускага рэжыму ўвялі Польшча і краіны Балтыі.

Алесь Баразенка, Белсат