«Як пабачыш чалавека ў форме – бяжы». Даверу да сілавікоў не засталося


І ў Міністэрстве ўнутраных справаў заўважылі сыход працаўнікоў. Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага каналу ОНТ паведаміў міністр Іван Кубракоў.

«Вы ведаеце, супрацоўнікі, якія… так, іх сапраўды было няшмат, якія сышлі. Гэта самае такое балючае для мяне пытанне», – сказаў Кубракоў.

Згодна са звесткамі, якія апублікавала ініцыятыва былых сілавікоў «BYPOL», летась з лютага да лістапада менскі АМАП пакінулі 47 сілавікоў, але на іх месца прыйшло 45. У асабісты склад заўсёды можна знайсці замену, таму адток адтуль неўплывовы, кажа спецыяліст у галіне бяспекі Андрэй Сыцько:

«Крымінальны вышук, АБЭЗ, тыя ж участковыя, хто адпрацаваў ужо нейкі час і хто мае пэўны досвед. Вось такі адток кадраў, вядома, можа быць істотным. На рыхтаванне добрага, высакаякаснага спецыяліста як мінімум павінна пайсці ад трох да пяці гадоў».

Што ж да бяспекі на вуліцах беларускіх гарадоў, паводле міністра Кубракова, людзі пачуваюцца абароненымі.

Ці сапраўды так, распавялі жыхары Менску:

«Што такое Менск? Правяраюць на вуліцах тэлефоны. Любога чалавека могуць проста ўзяць і забраць».

«На вуліцы выходзіць небяспечна. Як пабачыш чалавека ў форме – бяжы».

«Ну, зараз нармальна нібы, больш-менш спакойна».

«Людзі ў форме без апазнавальных знакаў могуць узяць цябе і кудысьці ўвесці».

У нядаўнім альтэрнатыўным апытанні блогера Антона Матолькі 90 % адказалі, што не давяраюць праваахоўным органам. Ва Украіне, паводле Цэнтру даследаванняў імя Разумкова, не давяраюць сілавікам каля 50 %.

Там пасля злачынстваў спецпадраздзялення «Беркут» падчас Рэвалюцыі годнасці давер народу да праваахоўнікаў таксама панізіўся. Падняць яго, хоць і не кардынальна, дапамаглі рэформы.

«Расфармаванне «Беркуту». У далейшым было стварэнне патрульнай паліцыі, якая змяніла часткова твар міністэрства, з ёй часцей за ўсё сутыкаюцца людзі. Былі кадравыя камісіі, якія працавалі на ацэнцы, пераатэстацыі прадстаўнікоў МУС», – пералічыў асноўныя змены эксперт у канстытуцыйным праве Багдан Бандарэнка.

Абапіраючыся на досвед Украіны, наш эксперт мяркуе, што Беларусі не варта ісці шляхам шырокай люстрацыі, а максімальна выбарачна прыцягваць да адказнасці:

«Дакладна вызначаючы віну, фармат і далей люстрацыйныя працэсы плюс, магчыма, сапраўды, калі мы кажам, што ў будучыні сістэма будзе змененая, то прыцягненне да адказнасці, перафарматаванне. Зноў жа трэба дакладна разумець мэты, прытрымлівацца балансу паміж тым, каб прыбраць усё дрэннае, што было, але пакідаць сістэму, якая будзе здольная эфектыўна развязваць пытанні, якія будуць пастаўленыя перад праваахоўнымі органамі ў дэмакратычнай сістэме».

Пакуль жа рэжым думае, як абараняць сілавікоў. Паводле абноўленага Адміністратыўнага кодэксу за непадпарадкаванне могуць даць ужо не 50 базавых велічыняў штрафу, а 100, то бок амаль 3 тысячы рублёў. Ці адправіць на грамадскія работы.

Пакаранні ўзмацняюцца, але супраць сілавікоў, якія ўчынілі гвалт, ніводнай справы так і не завялі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»