Рост штрафаў і новыя віды пакарання. Пачаў дзеяць новы Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях


Узмацненнем жорсткасці пакаранняў за несанкцыянаваныя мерапрыемствы ды штрафамі за сцягі адказалі ўлады на рыхтаванне беларусаў да гарачай вясны. З 1 сакавіка пачаў дзеяць новы Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Як і за што цяпер будуць караць удзельнікаў пратэставага жыцця краіны?

Сумна вядомага артыкулу 23.34 у абноўленым Адміністратыўным кодэксе больш няма. Аднак адказнасць за ўдзел у акцыях пратэсту засталася. Толькі судзіць пасля змены нумарацыі будуць паводле артыкулу 24.23.

Змяніўся і максімальны штраф за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суму павялічылі больш як утрая – да 2900 рублёў.

Калі ж правапарушэнне будзе здзейсненае паўторна цягам года, гаманец можа апусцець амаль на 6 тысячаў. А максімальны тэрмін арышту можа скласці нават 30 содняў.

Новы для Беларусі від пакарання за ўдзел у акцыях – грамадскія работы. Прысудзіць іх могуць са згоды пакаранага. Працаваць бясплатна давядзецца ў вольны ад працы ці вучобы час і не больш за 4 гадзіны на дзень. Агулам тэрмін не можа перавышаць 60 гадзінаў.

Больш жорстка паводле новага кодэксу будуць караць за непадпарадкаванне міліцыянту або іншай службовай асобе. Максімальны штраф павялічылі ўдвая – да 2900 рублёў.

За сцягі будуць караць паводле асобнага артыкулу – «Незаконнае выкарыстанне і выраб сцягоў і сімвалаў». Для фізічных асобаў прадугледжаны штраф да 580 рублёў. Утрая большы штраф можа чакаць юрыдычную асобу.

Яшчэ адно новаўвядзенне тычыцца адказнасці бацькоў за ўдзел іхных дзяцей у мітынгах. Штраф можа сягаць 870 рублёў.

Утрымлівае абноўлены Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях і новаўвядзенні для кіроўцаў. За гудкі на акцыях і за блакаванне дарогі могуць аштрафаваць або часова пазбавіць правоў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»