Выплаты на дзяцей павысілі, выраслі мінімальныя працоўныя пенсіі. Якія змяненні адбыліся з 1 лютага


Ганна і Саша – маладая сям’я, маюць сына Льва, якому ў канцы студзеня споўнілася тры гады. Таму за мінулы месяц яны яшчэ атрымалі грашовую дапамогу на дзіця памерам 427 рублёў.

«Прыблізна 75 рублёў на месяц мы плацім за сад апошнія паўгода. Мы прыблізна палічылі наш бюджэт на ежу, то на Льва сыходзіць 150 рублёў. Адзенне і цацкі ў прынцыпе нам шмат аддаюць, калі не, то мы намагаемся набываць ці ўжываныя, ці ў сэкандах», – распавядае Ганна Александронкава, маці Льва.

1-га лютага грашовыя выплаты на дзяцей павысяцца. Так, аднаразовая дапамога да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці тым, хто стаіць на ўліку ва ўстанове аховы здароўя, цяпер складзе амаль 263 рублі, аднаразовая выплата пры нараджэнні першага дзіцяці – блізу 2629 рублёў. Выплаты для догляду за дзіцём да трох гадоў складуць: на першае амаль 473 рублі, на другое і наступнае – 540 рублёў 48 капеек.

«У прынцыпе нам гэтых грошай хапала», – усміхаецца дзяўчына.

Вырастуць мінімальныя працоўныя ды сацыяльныя пенсіі. Сацыяльная пенсія паводле ўзросту падвысілася да 131 рублёў 44 капеек. Самае высокае падвышэнне пенсіяў паводле інваліднасці маюць людзі з 1-й групай – на 5 рублёў 24 капейкі, выплаты для іх складуць 289 рублёў 16 капеек. Таксама паднялі надбаўкі для беларусаў ва ўзросце ад 75 гадоў.

«Індэкс цэнаў… А гэта мы яшчэ камунальных не атрымоўвалі за гэты месяц [студзень]. З 1 студзеня яны павышаныя, ды не на дзве капейкі, як вось тут яны дадаюць, а там будуць дзясяткі рублёў», – разважае Таццяна Зялко з беларускага саюзу пенсіянераў «Нашае пакаленне».

Такое павелічэнне звязанае з павышэннем памераў бюджэту пражыткавага мінімуму, які звычайна пераглядаецца раз на тры месяцы.

«Лічыцца, што менш, чым на такія грошы – 290 рублёў для працоўнага, падаецца, 230 – для дзіцяці… Гэта тыя грошы, якія патрэбныя, каб чалавек мог весці нейкае годнае існаванне, каб яму не трэба было жабрачыць і шукаць на сметніку харчы», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Разам з тым, у сувязі са змяненнем стаўкі падатку на дададзеную вартасць з 1-га лютага падвышаюцца цэны на лекі, некаторыя дзіцячыя тавары аптэчнага асартыменту, а таксама паслугі медычных цэнтраў.

«Міністр падаткаў і збораў наогул казаў, што гэта не адаб’ецца на цэнах, бо прадпрымальнікі проста знізяць нацэнкі. Гэта, безумоўна, вельмі наіўна. Я не думаю, што Налівайка ў нас наіўны чалавек. Думаю, ён добра разумее, што будзе адбывацца, што калі падатак на дададзеную вартасць падвышаецца на 10 %, то хутчэй за ўсё на 10 % падымуцца і цэны», – зазначае адмыслоўца.

Мы запыталі мінакоў на вуліцах Менску, як падвышэнне кошту лекаў адабʼецца на іхным бюджэце:

«На маім не вельмі, а вось на бюджэце маіх сталых бабулі і дзядулі вельмі моцна, бо яны набываюць дастаткова вялікую колькасць лекаў».

«Калі камусьці лекі вельмі патрэбныя і гэта дорага, то асабліва для пенсіянераў і людзей з інваліднасцю адабʼецца. Для мяне асабіста… Я, дзякаваць богу, не хварэю».

«Вельмі адабʼецца, бо без лекаў я ўжо не выжыву».

У першы дзень лютага мусяць вырасці цэны на некаторыя прадуктовыя тавары. У прыватнасці крупы і кансервы. Таму пакуль у параўнанні паміж павышэннем грашовай дапамогі некаторым сацыяльным групам і коштам тавараў спажыўцы застаюцца ў мінусе.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»