Ціханоўская ўзнагародзіла археолагаў, якія ўскрывалі сакрэтнае пахаванне паўстанцаў 1863 года


Святлана Ціханоўская, якую ў Еўразвязе і Паўночнай Амерыцы называюць адзіным абраным лідарам беларускага народу, наведала наведала Нацыянальны музей Літвы. Сёння, напярэдадні дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, яна ўзнагародзіла археолагаў, якія ўскрывалі сакрэтнае пахаванне паўстанцаў 1863 года, знойдзенае на гары Гедыміна. У лістападзе 2019-га Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў урачыста перапахавалі ў калумбарыі цэнтральнай капліцы на могілках Росы.

Лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла знакам каманднага гонару Нацыянальны музей Літвы і археолагаў, якія знайшлі парэшткі лідараў паўстання 1863-1864 гадоў.

«Вельмі вялікае значэнне перапахаванне гэтае мае. І што столькі часу і рэсурсаў Літва надала гэтаму пытанню. Беларусы гэтага ніколі не забудуць», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

У 2019-м з Беларусі на пахаванне прыехалі тысячы асобаў. Прысутнічалі прэзідэнты Літвы і Польшчы. «Белсат» тады зладзіў шматгадзінную наўпроставую трансляцыю з Вільні.

«Вельмі ўсцешаны такой увагай. Мы ўжо даўно працуем з беларускімі гісторыкамі і іншымі спецыялістамі. І цяпер атрымалі такую ўзнагароду!» – падзякаваў археолаг Валдас Сцяпанайціс.

Кастусь Каліноўскі змагаўся за незалежнасць ад Расеі, узначаліў паўстанне на беларускіх землях. У 1864 годзе яго арыштавалі і пакаралі смерцю ва ўзросце 26 гадоў. Кастуся Каліноўскага лічаць нацыянальным беларускім героем, што адыграў прынцыповую ролю ў фармаванні беларускай нацыі.

Вольга Гоманава, «Белсат»