Расея б‘е рэкорды жорсткасці - затрымалі амаль пяць з паловаю тысячаў чалавек


З гэтым сімвалам пратэсту – залатым ёршыкам – выходзілі жыхары Расеі супраць карупцыі ўладаў і незаконнага пераследу апанентаў.

«Пуціна ў адстаўку», крычалі пратэстоўцы.

Але гэтага не захацелі чуць і бачыць у Крамлі. Супраць людзей, якія выйшлі на мірны пратэст, сілавікі ўжылі гвалт – непрапарцыйна жорсткі.

Затрымлівалі людзей ува ўсіх рэгіёнах краіны, пратэстоўцаў збівалі дручкамі, ужывалі электрашокеры.

Паводле праваабаронцаў, затрымалі рэкордную колькасць людзей – амаль пяць з паловаю тысячаў чалавек у 89-ці гарадах краіны. Больш за паўсотню пратэстоўцаў жорстка збілі, некаторыя з іх трапілі ў шпіталі.

Каб падобныя кадры не траплялі ў аб’ектывы, паліцыянты мэтанакіравана перашкаджалі працы журналістаў: затрыманыя не менш як дзевяноста тры прадстаўнікі прэсы. У Крамлі празмерную жорсткасць сілавікоў… не асудзілі:

«Натуральна, што паліцыя дзейнічае, робіць неабходныя захады. Не можа быць размовы з хуліганамі і правакатарамі. Яны мусяць адчуваць усю строгасць закону», – пракаментаваў падзеі Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта РФ.

Затрымалі дэманстрантаў за парушэнне правілаў удзелу ў акцыі, стварэнне перашкодаў гарадской інфраструктуры, што прадугледжвае штрафы ад 10-ці да трохсот тысячаў рублёў і арышт ад 15-ці да 30-ці содняў.

Штраф 20 тысяч рублёў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прысудзілі сёння і Юліі Навальнай, жонцы зняволенага палітыка.

«З пастановаю не згодныя, будзем абскарджваць пасля атрымання поўнага тэксту дакументу, бо была агучаная толькі ўводная рэзалютыўная частка», – пракаментавала судовае рашэнне Святлана Давыдава, адвакат Навальнай.

Судовае ж паседжанне ў справе Аляксея Навальнага распачнецца заўтра а 10-ай гадзіне. На паўгадзіны раней стартуе адмысловы стрым «Белсату» з-пад будынку суда. Запрашаем на наш «YOUTUBE»-канал «Белсат Вот так».

Вольга Старасціна, «Белсат»