Праваабаронца: «Суды робяцца паказушна дзеля таго, каб запалохаць»


Тры гады калоніі для Ігара Поварава і два з паловаю для Аляксандра Баброва ды Яўгена Говара. У Жлобіне суддзя Яўген Ерафееў завяршыў суд над трыма працаўнікамі Беларускага металургічнага заводу паводле крымінальнай справы за беспарадкі.

«Фактычна робіцца паказушна дзеля таго, каб проста запалохаць людзей і каб усім астатнім было непанадна», – лічыць праваабаронца Алена Маслюкова.

Трое пакараных разам з яшчэ некалькімі сотнямі працаўнікоў БМЗ на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту перакрывалі дарогу для тэхналагічнага транспарту 17-га жніўня.

«400 чалавек не пасадзіш. Усіх павінны садзіць. Знайшлі самых першых. Ці садзіць усіх, ці ўвогуле нікога не садзіць. Далі каманду пасадзіць – і ўсё», – абураецца бацька асуджанага Ігара Поварава, таксама Ігар Повараў.

У тым жа судзе Жлобінскага раёну суддзя Ірына Прадун пачала разгляд справы 17-гадовага Віталя Прохарава. Хлопца абвінавачваюць у масавых беспарадках і гвалце ў дачыненні міліцыі. Паводле следства, ён шпурнуў прынамсі адзін камень у ваенны аўтамабіль і нанёс шкоду на 820 рублёў.

«Я ні ў чым не вінаваты, я нічога не кідаў, я прызнаў, што я там быў, але я быў з сябрамі за кампанію, і гэта месца, дзе мы пастаянна займаемся спортам», – кажа Віталь Прохараў.

Хлопец сцвярджае, што падчас затрымання яго моцна збілі:

«Удары цела, твару, сінякі пад вокам, не мог хадзіць, кульгаў на адну нагу. Мы пазванілі тады ў Следчы камітэт, мы напісалі заяву, але прыйшла адмова ў распачынанні справы».

Яшчэ адна крымінальная справа скончылася ў Менску. Трыма гадамі так званай хіміі суддзя Юлія Шут у судзе Ленінскага раёну Менску пакарала Алега Мазгова. Спартовец стаяў у счэпцы з іншымі пратэстоўцамі 9-га жніўня, што пацвярджаецца фотаздымкамі.

У Віцебску пасля 17 дзён арышту на волю выйшла ўжо былая студэнтка медычнага ўніверсітэту Паліна Нітчанка. Дзяўчыну двойчы судзілі паводле артыкулу 23.34.

«Вельмі не падабаецца палітыка ўніверсітэту і ўсё, што адбылося са мной. Людзей садзяць у ІЧУ, яны прапускаюць пары, ім ставяць «непаважную прычыну» і змушаюць плаціць за адпрацоўкі. А ў іх нават суда не было яшчэ», – кажа Паліна Нітчанка.

Бліжэйшым часам дзяўчына мае намер паспрабаваць аднавіцца ва ўніверсітэце.

У Бабруйску з ізалятару часовага ўтрымання выпусцілі дваіх актывістаў, затрыманых у пятніцу, 22-га студзеня, і пакараных дзесяццю соднямі арышту.

«Далі прачытаць паперу, дзе было сказана, што мы можам быць датычныя да абразы міліцыянта, якая адбылася яшчэ ў жніўні ці пачатку верасня ў інтэрнэце. Там былі пазначаныя тэлефоны, з якіх абражалі міліцыянта, і магчымы акаўнт у «Тэлеграме». Акаўнт я не ведаў, і нумары тэлефонаў таксама былі невядомыя», – распавядае актывіст Іван Манько.

22-га студзеня ў Бабруйску затрымалі агулам больш як дзясятак актывістаў, заўважаных на акцыях пратэсту.

Трое з затрыманых яшчэ застаюцца за кратамі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»