Знайсці сябе ў 70

Рэжысёр: Воранава Вольга Год: 2021

Вольга Шатыка 40 гадоў прапрацавала доктаркаю. Удзел у праекце «Рэальны ўзрост» перакуліў ейнае жыццё: яна навучылася весці блог, пазаваць перад камерай і хадзіць па подыуме. І ў 70 гадоў нечакана для сябе сталася бізнес-лэдзі.

Цяпер Вользе Шатыцы 71 год, яна мадэль, блогерка і фанатка здаровага ладу жыцця. Пра сябе кажа: «Натхняю «забіць» на ўзрост».

Спадарыня Вольга – доктарка найвышэйшай катэгорыі ў рэабіліталогіі і медычнай экспертызе, кандыдатка медычных навук, дацэнтка. Яна і падумаць не магла, што на пенсіі будзе дэфіляваць і пазаваць фатографам.

Пачалося ўсё з удзелу ў праекце «Рэальны ўзрост», мэтай якога было змяніць стандарты ўспрымання людзей векам за 60. У выніку выйшла на подыум на фестывалі «Lady Fest». Тут жа ёю зацікавіліся журналісты і фатографы.

Адною з вяршыняў сваёй кар’еры мадэлі лічыць тое, што ейныя здымкі ўпрыгожылі тры развароты нямецкага часопісу моды, дызайну і фатаграфіі «Volant». Пасыпаліся прапановы пра супрацу ад беларускіх кампаніяў, брэндаў, крамаў, стылістаў…

Рэпартаж, аўтарка Вольга Воранава, 2021 г., Беларусь