Я вяртаўся дадому

Рэжысёр: Вольга Дашук Год: 2020

Віктар Шалкевіч – бард, акцёр і шоўмэн – выпраўляецца ў падарожжа з канцэртамі. Па беларускіх абшарах, у снег, вецер і дождж.

Шалкевіч – гэта такое ўвасабленне беларускага духу. Праз ягоныя песні быццам выліваюцца ўсе вякі беларускай гісторыі, яе веліч і ганьба, яе героі ды каты, благое і добрае, хаўтуры і святы – тое, што беларусаў злучае і раз’ядноўвае. Часам ён з гэтага іранізуе, але яму гэта баліць. Усё разам трансфармуецца ў словы і ноты.

Усё тое, з чаго складаюцца ягоныя песні, ён увабраў у сябе яшчэ ў дзяцінстве, у мястэчку Поразава, якое для яго застаецца вечнаю містычнаю крыніцай. Сённяшні 60-гадовы Шалкевіч прыязджае ў Поразава, і падарожжа ў прасторы робіцца падарожжам у часе. Шалкевіч сутыкаецца з самім сабой, якім ён быў 30 гадоў назад. Малады Шалкевіч, чалавек-здань, зборны вобраз беларуса блукае па зямлі.

Рэж. Вольга Дашук, Беларусь, 2020