Хваля мірных пратэстаў, якая пракацілася па краіне пасля выбараў 9 жніўня, закранула і Мазыр у тым ліку.
Пасля відавочнай фальсіфікацыі выбараў на вуліцы гарадоў выйшлі сотні жыхароў гораду. Жорсткае здушэнне мірных пратэстаў АМАПам і міліцыяй, затрыманне каля 150 чалавек у горадзе, збіццё, здзекі прывялі да таго, што ў нядзелю 16 жніўня сабраліся 5000–7000 чалавек, што для нафта-салявога беларускага Клондайку проста нечувана!
Збянтэжаныя ды абураныя людзі рознага веку аб’ядналіся з адною мэтаю: сказаць рашучае «стоп» сілавому і прававому бязмежжу ў краіне. Марш стартаваў з цэнтральнай плошчы і доўжыўся некалькі гадзінаў. Адным з месцаў, дзе пратэстоўцы спыніліся, быў мясцовы райвыканкам. Да народу ніхто не выйшаў. Каля дзвярэй пакінулі пахавальны вянок са стужкамі з надпісам «Рэжым Лукашэнкі». Каля Дому культуры нафтавікоў упершыню за 26 гадоў паднялі бел-чырвона-белы сцяг. Эйфарыя свабоды і адчуванне трыумфу справядлівасці – такім запомніўся гэты дзень шматлікім прысутным.
З упэўненасцю можна сказаць, што настаў час беларусам завяршыць свой выхад з камуністычнага рабства. Выхад, які пачаўся з распадам СССР і трывае вось ужо 26 гадоў. Напрошваецца паралель з біблейскаю гісторыяй выхаду габрэйскага народу з Егіпту і 40-гадовае блуканне па пустэльні. Хочацца верыць у тое, што выхад у зямлю запаветную пад назваю Вольная Беларусь усё ж неўзабаве адбудзецца.
Рэпартаж, рэжысёр Сяргей Гараеўскі, 2020 г., Беларусь