У цемры

Рэжысёр: Аслюк Віктар Год: 2018

Саша, малады мужчына, жыве «навобмацак». Грузавыя і легкавыя аўтамабілі ён пазнае па паху. Жывёлаў, з якімі сустракаўся ў жыцці, памятае па дотыку. Калі Сашу было 11 год, «навокал стала цёмна, і цяпер увесь час цёмна»: Саша незваротна аслеп.

Шмат якія рэчы ў Сашавым жыцці выклікаюць здзіўленне. Чаму Сашава праца на заводзе – не нудная павіннасць, а вялікая радасць для яго? Чаму абсалютна сляпы Саша штодня пасля заходу сонца запальвае святло ў сваёй кватэры? Чаму Саша, які многа перажыў – ён моцна хварэў, яго пастаянна цкавалі і білі дзеці – ніколі ні на што не скардзіцца?

>>> Віктар Аслюк – пра фільм «У цемры»

Для Сашы цуд – што ён чуе. І ён слухае свет вакол. Слухае, што кажуць людзі, з якімі ён едзе ў транспарце. Праз іх думкі – пра дробнае і значнае, прыватнае і глабальнае, хуткаплыннае і пазачасовае – Саша вывучае людзей, а таксама самога сябе. А, можа, гэтыя галасы гучаць не ў аўтобусе, а ў Сашавай галаве? Саша слухае і задае сабе пытанне: ці ўсе людзі могуць быць шчаслівыя?

Гэты фільм – апавяданне пра сляпога чалавека, але таксама і пра астатніх, «усіх».

Рэж. Віктар Аслюк, Беларусь, 2018 г.